Пошук

18.01.2019 17:46   Catholic.by

З 16 па 18 студзеня ў Лісабоне (Партугалія) праходзіла міжнародная канферэнцыя біскупаў на тэму «Свабода, справядлівасць і эканоміка», у якой узялі ўдзел арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Усяго форум сабраў 98 пастыраў Касцёла з 37-і краінаў. З былога Савецкага Саюза ў канферэнцыі бралі ўдзел іерархі з Літвы, Латвіі, Украіны і Беларусі.

16 студзеня раніцай удзельнікі канферэнцыі наведалі Фаціму, дзе супольна памаліліся Ружанец у капліцы Уваскрасення, пабывалі ў капліцы Аб’яўленняў Маці Божай і іншых святых месцах фацімскага санктуарыя.

Праца канферэнцыі распачалася св. Імшой.

Даклады і дыскусіі падкрэслівалі складаную сітуацыю Касцёла перад выклікамі часу, у тым ліку ў сферы змагання за свабоду, справядлівасць і ў вядзенні бізнесу.

У сувязі з гэтым прагучаў заклік да біскупаў быць вернымі і праўдзівымі публічнымі сведкамі Евангелля. Шмат увагі было звернута на неабходнасць рэевангелізацыі заходніх краінаў, у чым ім могуць дапамагчы маладыя і дынамічныя Касцёлы, асабліва з афрыканскага кантынента.

Калі мы разважаем пра глабалізацыю, то найчасцей думаем пра глабалізацыю эканомікі. У той жа час, як паказалі на канферэнцыі прафесійныя дакладчыкі з ЗША, Іспаніі і Ірландыі, існуе значна больш паняццяў глабалізацыі: універсалізм юрыдычнай сыстэмы, ваенныя канфлікты, імперыялізм, які адраджаецца, універсальныя палітычныя і рэлігійныя ідэі.

Як адзначалася, галоўнымі характарыстыкамі глабалізацыі ў сучасным свеце з’яўляюцца эканамічная інтэграцыя, палітычная інтэграцыя і міграцыя.

Разважаючы над тым, што павінен рабіць Касцёл перад выклікам глабалізацыі, падкрэслівалася, што праблемамі глабалізацыі павінны займацца свецкія вернікі, а не духоўныя асобы. Аднак задача Касцёла — навучыць вернікаў прынцыпам яго сацыяльнага вучэння, каб яны маглі іх выкарыстаць у практыцы штодзённага жыцця. Пры гэтым заўсёды неабходна памятаць пра вучэнне Касцёла, што ў аснове ўсіх зменаў ляжыць шмат нязменных рэчаў, якія маюць свой канчатковы падмурак у Хрысце.

Асаблівая ўвага была прысвечана тэме тэалогіі і ідэалогіі глабалізацыі. Пры гэтым было заўважана, што ў сучасным свеце на першае месца выходзяць дасягненні навукі і тэхнікі, якія адкідваюць паняцце трансцэндэнтнасці і Бога. Аднак такія тэндэнцыі вядуць да новай Вавілонскай вежы, якая раздзяляе народы і культуры. І тут галоўную ролю адыгрывае секулярызм як альтэрнатыва хрысціянству.

На феномен секулярызму, як адзначалася, неабходна глядзець не толькі з эканамічнага ці палітычнага пункуту гледжання, але і з тэалагічнага. І тут неабходна найперш звярнуць увагу на праблему матэрыялізму, які не пакідае месца Богу, а прапануе ідэю, што чалавек можа ўсё. Пры гэтым маральныя нормы адкідваюцца.

Такім чынам, звярталася ўвага на канферэнцыі, тэхнічны прагрэс стаў міфам без межаў. Нагадвалася, што, як заўважае папа Бэнэдыкт XVI, на месца міфу прагрэсу, які робіць нас рабамі, мы павінны паставіць сапраўднае паняцце хрысціянскай надзеі, якая ў Богу.

Удзельнікі канферэнцыі адзначылі, што гуманізм у яго сучасным матэрыялістычным разуменні супрацьпастаўляецца прынцыпам евангельскай любвові.

Фемінізм і сексуальная рэвалюцыя адкідваюць біялагічную прыроду жанчыны і мацярынства, супрацьстаяць прыродзе чалавека і Богу, прапагандуюць разводы, гомасексуалізм, аборты і гендарную ідэалогію.

Вялікі інтарэс ва ўдзельнікаў выклікала разважанне аб так званай сацыяльнай інжынерыі, якая адкідвае каталіцкі погляд на чалавечую фармацыю, першынства Божага закону, цноты і маральныя прынцыпы. Сацыяльная інжынерыя асаблівым чынам праяўляецца ў кантролі нараджэння, эканомікі і манетарнай палітыкі, а таксама ў развіцці сацыяльных праграм, гендарнай ідэалогіі, сацыяльных медыя.

Адзначалася, што крыніца секулярнага этасу крыецца ў непрыняцці Бога у выніку чаго абагаўляецца палітыка і дэсакралізуецца жыццё. Таму секулярызм з’яўляецца вялікім выклікам для Касцёла, які павінен падкрэсліваць розніцу паміж аўтэнтычнымі хрысціянскімі каштоўнасцямі і псеўдакаштоўнасцямі секулярнага свету і пазбягаць прапаганды секулярнага гуманізму коштам Евангелля. Нагадвался, што Касцёл, як кажа папа Францішак, не з’яўляецца «недзяржаўнай арганізацыяй».

Асаблівая ўвага была прысвечана выклікам, з якімі павінны змагацца каталіцкія бізнесмены ў сучасным глабалізаваным свеце, дзе ў пагоні за прыбыткам не захоўваюць этычных прынцыпаў у вядзенні бізнесу. Дапамогай павінны быць вера і малітва, у чым Касцёл павінен стаць настаўнікам і кіраўніком.

Як было заўважана на канферэнцыі, прычына эканамічнага крызісу — не глабалізацыя эканомікі, а незахаванне этычных нормаў. Стварэнне без Бога марнее — з такой думкай згадзіліся ўдзельнікі.

Таксама, як было сказана, роля ўраду ў вядзенні прыватнага бізнесу павінна быць падобнай да ролі суддзі на футбольным полі: глядзець, каб удзельнікі бізнесу не парушалі ўстаноўленых правілаў, і не перашкаджаць ім дзейнічаць.

Сабраныя прыйшлі да высновы, што прыватная ўласнасць, захаванне закону, падсправаздачнасць ураду і дзейнасць згодна з маральнымі нормамі робяць бізнес паспяховым.

Адным з найбольш актуальных выклікаў сучаснасці была названа на канферэнцыі барацьба з беднасцю. Адзначалася, што мы жывём у свеце, поўным парадоксаў: калі адны краіны ўзбагачаюцца, іншыя бяднеюць і прорва паміж беднымі і багатымі пашыраецца. У той жа час Бог стварыў усіх людзей роўнымі і ўсе павінны мець тыя ж самыя магчымасці.

З мэтай вырашэння праблемы, на думку ўдзельнікаў канферэнцыі, неабходныя новыя навукова абгрунтаваныя праграмы развіцця чалавецтва з мэтай памяншэння беднасці; павага да прыватнай уласнасці, свабодны гандаль, свабодныя цэны і моцная манета; развіццё справядлівай юрыдычнай сістэмы, якая павінна базавацца на маральных прынцыпах.

Глабалізацыя, як падкрэслівалася, таксама можа спрыяць евангелізацыі, бо вернікі-бізнесмены дзякуючы развіццю эканамічных сувязяў пранікаюць у краіны, якія яшчэ не пазналі Евангелля, што дае новыя магчымасці абвяшчаць Добрую Навіну да краю зямлі.

Пры гэтым трэба памятаць, што задача Касцёла — не падтрымка тых ці іншых эканамічных або палітычных сістэмаў, а абвяшчэнне евангельскіх каштоўнасцяў, якія адзіныя могуць прынесці свабоду людзям і будуць спрыяць будаванню справядлівага свету.

«Амерыканская прыказка кажа, што кожны чалавек моліцца камусьці ці чамусьці, — адзначыў прадстаўнік Беларусі на канферэнцыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Мы як хрысціяне ў сучасным глабалізаваным свеце, у якім пануе ідэалогія секулярызму, не маем права згубіць наш арыенцір, якім з’яўляецца Бог, і павінны праслаўляць Яго ў нашым штодзённым жыцці, палітыцы і бізнесе».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа