Пошук

19.01.2019 10:13   Фота: Наста Васільева і Данііл Ліцкевіч / Catholic.by

Радасць Божага Нараджэння штогод збірае ў студзені ў Івянцы прыхільнікаў калядных спеваў, святочнай атмасферы і радасці ад Нараджэння Пана. Сёлетні дзевяты па ліку калядны фестываль, арганізаваны івянецкімі францішканамі 13 студзеня, не стаў выключэннем.

Госці фестывалю калядавалі разам са слухачамі з Мінска, Гродна і, безумоўна, жыхарамі мястэчка. Паміж калядкамі і пастаралкамі ў выкананні дзіцячых калектываў і хораў (а таксама мясцовага рок-гурта, у якім можна было заўважыць францішканскі габіт) забаўляў гледачоў вядучы фестывалю, каталіцкі блогер Арцём Ткачук.

Не абышлося без сюрпрызу, якім стаў шпітальны клоўн Ігар, што ўвесь фестываль забаўляў маленькіх слухачоў, а дарослым вяртаў радасць дзяцінства.

Асабліва спадабаліся гледачам шматгалоссе палескіх калядак, прадэманстраванае супольнасцю «Ubi Caritas», і па-майстэрску падрыхтаваная батлейка з прыгожай харэаграфіяй ансамбля песні і танца «Lechici».

Не далі сумаваць і запрошаныя госці фестывалю: бадзёры пазітыў і прафесійнасць музыкаў гурта «Рэха» ўжо добра вядомыя івянчанам, а змястоўныя песні Віктара Шалкевіча, выкананыя з бардаўскай шляхетнасцю і драйвам, не маглі не заваяваць сэрцы слухачоў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.