16 студзеня ўступіла ў законную сілу пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб зацвярджэнні праекту новай зоны аховы вакол касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.
Гэта адбылося пасля афіцыйнай публікацыі дакумента на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь Pravo.by.
У пастанове № 64 ад 23 кастрычніка 2018 г., між іншым, сказана:
«Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пастанаўляе зацвердзіць прыкладзены праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей на тэрыторыі ў межах вул. Казлова – вул. Платонава – вул. Гікалы – пр. Незалежнасці ў г. Мінску».
Згаданы праект быў распрацаваны на падставе артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. Сярод нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў на акрэсленай тэрыторыі знаходзіцца таксама святыня самай старажытнай каталіцкай парафіі ў беларускай сталіцы — касцёл Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 578 ад 14 мая 2007 г. «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей» (катэгорыя «2», шыфр 712Г000193).
Што гэта фактычна азначае?
Рэч у тым, што цудам ацалелая ў дзвюх сусветных войнах і ў гады савецкага ваяўнічага атэізму святыня знаходзіцца на тэрыторыі даўніх Залатагорскіх могілак. Гэты каталіцкі некропаль фактычна перастаў існаваць напрыканцы 70-х – напачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя.
На «вызваленай» ад крыжоў і помнікаў зямлі, а фактычна, на касцях пахаваных тут людзей, быў пабудаваны Палац мастацтва, прыватныя гаражы, а таксама рэжымны аб’ект савецкай прапаганды, які ў народзе называлі «глушылкай».
Дзве высокія металічныя вежы, падобныя да радыёрэтранслятараў, стваралі ў эфіры памехі, каб такім чынам заглушаць «варожыя галасы»: праграмы замежных радыёстанцый.
Хоць першапачаткова ўлады разглядалі розныя праекты выкарыстання тэрыторыі Залатагорскіх могілак, у тым ліку і іх забудовы, аднак жадаючых будаваць штосьці на касцях не знайшлося. У выніку тэрыторыю, на якой засталіся толькі старыя пабудовы савецкага часу, перадалі парафіі. Пра праект добраўпарадкавання гэтай тэрыторыі Catholic.by падрабязна пісаў у спецыяльным матэрыяле.
Цяпер, з прыняццем пастановы Міністэрства культуры, уся тэрыторыя вакол касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) у Мінску набыла статус зоны аховы.
Такім чынам, ахоўная зона, якая існавала тут з савецкіх часоў, цяпер значна павялічылася.
Гэта дае магчымасць спадзявацца на тое, што супакой пахаваных на Залатой Горцы людзей ужо больш не патрывожаць узвядзеннем на іх касцях новых будынкаў.