Пошук

15.01.2019 12:24   Тэкст: Алена Лапкоўская / Фота: Паліна Маісеева / Catholic.by

12 студзеня традыцыйная аплаткавая сустрэча сем’яў, якія належаць да руху Equipes Notre-Dame, адбылася ў касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску.

У сустрэчы ўзялі ўдзел 52 сям’і з дванаццаці розных мясцін Беларусі. Разам са сваімі парафіянамі прысутнічалі восем духоўных дарадцаў.

Як адзначылі галоўныя адказныя сектару Максім і Аліна Угорычы, гэта была адна з самых вялікіх па колькасці ўдзельнікаў сустрэча, якая аб’яднала каля 150 сужэнцаў разам з дзецьмі.

Гаспадарамі гэтым разам сталі сталічныя суполкі руху, якія праявілі пры гэтым шчодрасць і гасціннасць.

 

Сустрэча распачалася св. Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў кс. Андрэй Сіповіч, галоўны духоўны дарадца сямейнага руху Equipes Notre-Dame. У гаміліі святар заклікаў паразважаць аб месцы, якое займае Дзіцятка Езус у нашых сэрцах, а таксама задумацца аб Божай любові да кожнага з нас на працягу калядных святаў.

Неафіцыйная частка сустрэчы распачалася дзяленнем аплаткай паміж сем’ямі і духоўнымі дарадцамі. У руху прыжылася і актыўна падтрымліваецца традыцыя малітвы сем’яў адна за адну на працягу года. Падчас віншаванняў кожнае сужэнства актыўна шукала тых, за каго ім выпадаў лёс маліцца на працягу бліжэйшага года.

«Два гады таму мы з задавальненнем прынялі гэтую цікавую традыцыю.

Хоць мы маем кантакт з усімі суполкамі ў сацыяльных сетках і, калі неабходна, просім сяброў аб малітоўнай „хуткай дапамозе“, усё ж прыемна ведаць, што кожны дзень за тваю сям’ю моліцца хтосьці ў іншым куточку Беларусі.

Сёлета мы будзем падтрымліваць сваёй малітвай нашую адказную пару — сям’ю Угорычаў», — кажуць Галіна і Юрый Лабоцкія з Баранавіч.

   

Працягнула сустрэчу цікавая забаўляльная праграма, да якой сур’ёзна рыхтавалася кожная з суполак.

У «Краіне талентаў» прагучалі як традыцыйныя калядкі, так і святочныя спевы на ўласныя вершы ўдзельнікаў, напрыклад, ад сямей з Лагойска. Сям’я Гарбуновых з Новай Мышы выканала беларускія танцы, а суполкі з Ганцавіч падрыхтавалі прыгожыя калядныя сувеніры. Сем’і з суполкі з вул. Матусевіча ў Мінску паказалі кранальную пастаноўку «Скарбніца цнотаў», а суполкі з Баранавічаў падарылі ўсмешку і добры настрой казкай-жартам «Рэпка». Сем’і з Суботнікаў прынеслі каляднае віншаванне ад Трох Каралёў, а сем’і з Нясвіжа падрыхтавалі прэзентацыю пра сваю суполку.

Напрыканцы сустрэчы ўсе прысутныя, асабліва дзеці, з радасцю сустрэлі святога Мікалая, які падрыхтаваў для сем’яў і дзетак прыемныя салодкія падарункі. Завітаў на сямейнае свята і пробашч парафіі-гаспадара кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк, якому шчыра падзякавалі за магчымасць сустрэцца і правесці свята ў сценах Чырвонага касцёла.

Гэтая сустрэча, як і кожная сустрэча сем’яў руху, пакінула шмат цёплых успамінаў.

«У аплаткавай сустрэчы мы штогод удзельнічаем разам з дзецьмі.

Вельмі прыемна бачыць знаёмыя сем’і ў атмасферы свята і Божай ласкі. А з якой нецярплівасцю чакаюць гэтай сустрэчы малыя!

Потым яшчэ доўга яны ўспамінаюць яскравыя моманты і новых сяброў», — дзеліцца ўражаннямі сям’я Якубоўскіх з Мінска.

На развітанне сем’і дамовіліся аб сустрэчы на бліжэйшых рэкалекцыях, якія адбудуцца ў Росі ў сакавіку бягучага года.

                

 

Абноўлена 15.01.2019 16:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.