Пошук

07.01.2019 10:39   Catholic.by

7 студзеня вернікі некаторых Усходніх Цэрквах, якія ў літургіі карыстаюцца Юліянскім календаром, святкуюць урачыстасць Нараджэння Пана.

Сярод Усходніх Цэркваў, якія менавіта сёння перажываюць урачыстасць Божага Нараджэння, таксама і вернікі Беларускай Праваслаўнай Царквы. У гэты дзень мы скіроўваем ім самыя шчырыя святочныя віншаванні і пажаданні шчодрых ласкаў ад Нованароджанага Хрыста.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя Vatican News, папа Францішак першым павіншаваў вернікаў Усходніх Цэркваў, каталіцкіх і праваслаўных, якія жывуць паводле юліянскага календара, з Божым Нараджэннем.

«Да іх я звяртаю мае самыя сардэчныя і братэрскія пажаданні ў знак паяднання паміж усімі намі — хрысціянамі, якія прызнаюць Езуса як Пана і Збаўцу. Усім ім я жадаю радасных святаў Раства Хрыстовага», — сказаў Пантыфік 6 студзеня ў Ватыкане падчас супольнай малітвы «Анёл Панскі».

Большасць Праваслаўных Цэркваў свету перайшла на грыгарыянскі каляндар. Божае Нараджэнне 25 снежня святкуюць разам з католікамі і пратэстантамі праваслаўныя грэкі, балгары, румыны, чэхі, кіпрыёты, а таксама вернікі Канстанцінопальскага Патрыярхату.

Тым не менш, Юліянскага календара ўсё яшчэ прытрымліваецца вялікая колькасць вернікаў шэрагу Усходніх Цэркваў — як каталіцкіх, так і праваслаўных.

Нагадаем, што ў студзені адбываюцца традыцыйныя малітвы аб адзінстве хрысціянаў. Адпаведныя набажэнствы пройдуць таксама ў святынях Беларусі.

Абноўлена 07.01.2019 11:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа