30 снежня ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) у межах фестывалю «Калядныя вечары на Залатой Горцы» адкрылася фотавыстава «Арганы. Еўрапейская спадчына Беларусі».
Экспазіцыю благаславіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
«Немагчыма ўявіць касцёл без спеваў, асабліва без арганаў. Многія людзі ідуць у касцёл, каб найперш паслухаць арган.
Але праз арган многія таксама прыходзяць да веры. Яны адчуваюць патрэбу да свайго духоўнага развіцця.
Касцёл заўсёды падтрымліваў культуру, рабіў важны ўнёсак у яе развіццё. Таму праз рэстаўрацыю старадаўніх арганаў, адраджэнне арганнай музыкі мы не толькі развіваем культуру, але і нясём Бога, спрыяем духоўнаму адраджэнню нашай краіны», — адзначыў арцыбіскуп.
Таксама на адкрыцці фотавыставы да парафіян звярнуліся аўтар праекта старшыня Беларускага Фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі, загадчык рэдакцыі літаратуры і мастацтва выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі» Вольга Давідовіч, мастацтвазнаўца, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вольга Савіцкая.
Пасля цырымоніі адкрыцця адбыўся канцэрт арганнай музыкі ў выкананні Кацярыны Нікалаевай, Вольгі Падгайскай і Віктара Кісцяня з творамі І. С. Баха, К. Бальбастра, В. Падгайскай і К. Яськова.
Наведаць фотавыставу «Арганы. Еўрапейская спадчына Беларусі» можна да канца студзеня.
Поўны расклад «Калядных вечароў» на сайце парафіі>>>