Святых бэтлеемскіх немаўлят, чыё свята Касцел адзначаў 28 снежня, можна смела лічыць апекунамі руху про-лайф, бо гэтыя нявінныя дзеці панеслі пакутніцкую смерць за Хрыста. Менавіта ў гэты дзень у Магілёве адбылася традыцыйная аплаткавая сустрэча біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB з валанцёрамі і супрацоўнікамі дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы», які з 2009 г. абараняе жыццё і сямейныя каштоўнасці.
У сваёй прамове біскуп падзякаваў пралайферам за плённае служэнне ў абарону зачатага жыцця і хрысціянскіх сямейных каштоўнасцяў у Беларусі і выказаў святочныя віншаванні.
Біскупскі вікарый для Магілёўскага рэгіёну ўзгадаў пра ўдзел фонду «Адкрытыя сэрцы» ў супрацьстаянні антысямейнай гендарнай ідэалогіі, якая рознымі шляхамі, у тым ліку праз заканадаўчыя ініцыятывы, спрабуе прасунуцца ў Беларусь, і пажадаў, каб пралайферам хапала сілаў працягваць гэтае служэнне.
Сямейным каштоўнасцям быў прысвечаны і спектакль, які распавядаў пра Яўхіма і Ганну, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі, і пра Яе дзяцінства. Валанцёры падрыхтавалі таксама танцавальныя нумары. Як вядома, бальныя танцы з’яўляюцца візітнай карткай «Адкрытых сэрцаў», бо праз іх можна пазітыўным спосабам казаць пра прыгажосць традыцыйнага сужэнства.
Доўгая і доўгачаканая сустрэча завяршылася спяваннем калядных песень, дзяленнем аплаткай і супольнай малітвай, у якой таксама ўдзельнічаў а. Павел Мажэйка ОР, вікарый парафіі св. Казіміра і св. Ядвігі, на тэрыторыі якой знаходзіцца офіс фонду «Адкрытыя сэрцы».
На думку абаронцаў жыцця, у наступным годзе святкаванне ў гонар святых бэтлеемскіх немаўлят можно будзе спалучыць з адмысловай малітвай за ўрачоў акушэраў-гінеколагаў, эмбрыёлагаў і рэпрадуктолагаў, каб яны атрымалі ад Бога духоўныя сілы бараніць нявіннае зачатае жыццё і цешыцца, калі ёсць магчымасць яго ўратаваць.