Пошук

28.12.2018 13:16   Тэкст і фота: Эла Дзвінская / Catholic.by

У Віцебскай абласной бібліятэцы ў сардэчнай атмасферы свята Божага Нараджэння прайшла прэзентацыя факсімільнага ўзнаўлення першага беларускага «Буквара», у якой удзельнічалі прадстаўнікі ўстановаў культуры, адукацыі і духоўныя асобы.

Пра даследаванне каштоўнага помніка кніжнай хрысціянскай культуры распавёў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша:

«Першы „Буквар“ убачыў свет у Вільні ў брацкай друкарні пры манастыры Святога Духа, галоўным цэнтры асветы ВКЛ.

Кніга, па якой вучыліся славянскаму пісьму, пачыналася з малітвы Святому Духу.

Выданне было ўпрыгожана выявай герба вядомага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага і актыўнага апякуна праваслаўя Багдана Агінскага, які заснаваў брацкую школу ў Вільні. На яго сродкі выйшла першая ў свеце кніга пад назвай „Буквар“.

Духоўны складнік дамінаваў у навучальным працэсе даўняй Беларусі. Усе навучальныя выданні былі арыентаваныя на замацаванне ў маладым чалавеку хрысціянскай маральнасці, адказнасці, адпаведнасці этычным нормам, адлюстраваным у тэкстах Святога Пісання».

Факсімільнае ўзнаўленне «Буквара» абуджае патрыятычныя пачуцці ў тых, хто дакранаецца да гэтай маленькай кніжачкі.

«„Буквар“ часта ставяць поруч з Бібліяй, якая задае каштоўнасныя арыенціры ў душы чалавека», — сказаў Алесь Суша.

Ва ўрачыстай атмасферы выданне было перададзена ў Віцебскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Машэрава, Віцебскі медынстытут і ветэрынарную акадэмію, уручана дырэктару абласной бібліятэкі.

«Калі ў фонд бібліятэкі трапляюць такія выданні, як факсімільнае ўзнаўленне твораў Францішка Скарыны, як Слуцкае і Тураўскае Евангелле, як „Буквар“, якасць фонду значна ўзрастае», — адзначыла дырэктар бібліятэкі Таццяна Адамян.

Падзяку даследчыку выказаў старэйшы прарэктар Віцебскай духоўнай семінарыі пратаіерэй Аляксандр Мазалёў.

Сёлета, як адзначыў Алесь Суша, быў праведзены цэлы шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных першаму «Буквару», — ХIV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, выстава «Буквары народаў свету» з калекцыі латвійскага педагога і перакладчыка Юрыса Цыбульса, прэзентацыі факсімільнага ўзнаўлення «Буквара» ў розных гарадах краіны, а таксама ў Лондане і Вільні.

Абноўлена 28.12.2018 18:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа