Пошук

24.12.2018 10:08   Фота: Юрый Сідун / Catholic.by

22 снежня ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася аплаткавая сустрэча арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, з дзецьмі, якімі апякуецца Дабрачынная місія св. Уршулі Ледухоўскай.

Падчас сустрэчы дзеці прадставілі гасцям і сваім бацькам вельмі прыгожа падрыхтаваныя батлейкі.

У сваёй прамове арцыбіскуп Кандрусевіч падзякаваў дзецям і іх выхавацелям за падрыхтоўку батлеек. Ён падкрэсліў, што батлейкі як мастацкі спосаб прадстаўлення Нараджэння Езуса з’яўляюцца традыцыйным спосабам евангелізацыі, які вельмі добра ўспрымаюць не толькі дзеці, але і дарослыя.

Іерарх прыгадаў свой досвед яшчэ як пробашча парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Тады з Польшчы прыехала група мастакоў, якая прадставіла ў гродзенскім фарным касцёле батлейкі. «Дзеці не маглі адарвацца ад таго, што бачылі, а старэйшыя плакалі, — распавёў арцыбіскуп. — Бо, сапраўды, хто і калі апошні раз мог бачыць падобнае?»

Як адзначыў іерарх, ганенні на Касцёл перапынілі гэтую добрую традыцыю, але яна, дзякуй Богу, ажывае, батлейкі і калядныя сустрэчы вяртаюцца ў нашае жыццё, набліжаючы да нас падзею 2000-гадовай даўнасці, калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме.

«Падрыхтоўка пастаноўкі батлеек патрабуе высілку з боку выхавацеляў і дзяцей. Але як добра яна ўплывае на іх выхаванне і сацыялізацыю», — дадаў пастыр архідыяцэзіі.

«Звычайна батлейкі мы бачым у касцёлах. Сёння э прымаем удзел у батлейках у Хрысціянскім сацыяльным цэнтры. Гэта новая сфера дзейнасці Касцёла ў нашай краіне», — адзначыў арцыбіскуп. Ён звярнуў увагу, што Касцёл вялікую ўвагу прысвячае выхаванню дзяцей і моладзі на хрысціянскіх каштоўнасцях, бо добра ведае, што наша будучыня залежыць ад моладзі.

«Важнымі ў развіцці кожнага грамадства з’яўляюцца эканоміка, палітыка, культура і да т.п. Але значна больш важнае выхаванне маладога пакалення. Менавіта яно з’яўляецца найбольшым багаццем, і таму яго неабходна цаніць і адпаведным чынам выхоўваць», — падкрэсліў іерарх.

Арцыбіскуп павіншаваў дзяцей, іх бацькоў, выхавацеляў, кіраўніцтва і супрацоўнікаў Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння і пажадаў усім ім супакою і ласкі Нованароджанага Збаўцы, а таксама шчаслівага Новага года.

 

 

Абноўлена 24.12.2018 10:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця