Пошук

22.12.2018 10:00   Паводле: інтэрнэт-крыніц / Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

У новай рубрыцы «Марыйныя санктуарыі» мы будзем расказваць пра беларускія санктуарыі — месцы, вядомыя дзякуючы людской веры і пашане да Божай Маці.

Працягваючы духоўнае падарожжа па Гродзенскай дыяцэзіі, сёння мы скіруемся ў самае яе сэрца: былы езуіцкі касцёл, а сёння — катэдральную базыліку святога Францішка Ксавэрыя.

Правая нава гэтай велічнай святыні завяршаецца капліцай, у якой захоўваецца цудадзенйны абраз Маці Божай Кангрэгацкай, або Маці Божай Студэнцкай — невялікі па памерах, але вялікі здзейсненымі цудамі.

Фота: media.catholic.by/nv
Абраз гэты быў прывезены з Рыма і падараваны правінцыялам дамініканаў канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Альбрэхту Станіславу Радзівілу (1595—1656). Пасля смерці канцлера абраз перайшоў да дамініканіна айца Куклінскага, потым — да шляхціца Жаляроўскага ў вёску Кульбакі, што непадалёк ад Ліды.

Шляхціц, ужо будучы цяжка хворым, падараваў яго кангрэгацыі студэнтаў пры гродзенскім калегіюме езуітаў. Ён лічыў, што ў іх касцёле цэлебравалася самае прыгожае набажэнства, а таксама зрабіў гэта ў памяць пра цудоўнае выратаванне з маскоўскага палону ў Гродзенскім замку, дзе ён сядзеў з двума дзясяткамі іншых шляхціцаў у чаканні пакарання смерцю.

Тады асуджаныя звярнуліся да Маці Божай, увасобленай у абразе, што знаходзіўся ў маёнтку Жаляроўскага, і 2 жніўня 1661 г. ім неверагодным чынам удалося збегчы. Акт перадачы абраза студэнцкай кангрэгацыі, складзены 26 сакавіка 1664 г., быў засведчаны бурмістрам Янушам, гродскім пісарам Аляксандрам Дрогашам і прафесарам рыторыкі Пятром Шванам.

Абраз, намаляваны на медным лісце памерамі 22 на 17 см, іконаграфічна з’яўляецца паўторам вядомага абраза Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі Санта-Марыя-Маджорэ, перапрацаваным у раннебарокавым стылі пры захаванні характэрных прыкметаў першаўзору.

Жывапіс твараў страціў рысы іканапісу і выкананы ў рэалістычнай манеры XVII ст. Высокія мастацкія якасці жывапісу (дакладны малюнак, багаты каларыт, умелае карыстанне святлаценяў) можна лічыць пацверджаннем гістарычнай версіі пра яго італьянскае паходжанне. Жывапіс амаль цалкам закрывае пазалочаная шата, срэбраная рама выканана ў 1761 г. гданьскім злотнікам Хрысціянам ван Гаўсенам.

Фота: Grodnensis.by

Гісторыя некаторых цудаў абраза намалявана ў касцёле на філёнках фундатарскіх лавак-сталляў. Гэтыя лавы з маляўнічымі выявамі знаходзяцца ў капліцы Маці Божай Кангрэгацкай, Апякункі навучэнцаў гродзенскага езуіцкага калегіума.

Фота: media.catholic.by/nv
Лаўкі-«сталлі» (ад італ. stallo — стойла) — спецыяльная мэбля ў каталіцкіх святынях. Іх ставілі там, дзе манахі або рэгулярныя канонікі на працягу сутак збіраліся для супольнай цэлебрацыі Літургіі гадзінаў у хоры. Яны мелі падлогу, высокія спінкі і балдахіны для абароны тых, хто моліцца, ад холаду са сценаў, падлакотнікі і нязручныя вузкія сядзенні, на якіх можна было прысесці, але не заснуць, і зачынены спераду кленчнік.

На лаўках-«сталлях» у Гродне, якія былі важным кампанентам штодзённага жыцця студэнтаў, аб’яднаных у Марыянскую садаліцыю, адлюстраваныя два алтары з абразом Маці Божай Кангрэгацкай.

Сталлі маюць два размешчаныя пад прамым вуглом адзін да аднаго крылы, злучаныя пераходам, які паўтарае крыжападобную форму пілона, пры якім яны стаяць. На філёнках спінак і на франтальнай сценцы прысутнічаюць маляўнічыя выявы, якія апавядаюць пра цуды, што адбыліся праз заступніцтва Маці Божай Кангрэгацкай.

Лаўкі-«сталлі» не толькі нагадваюць сёння жыхарам і гасцям Гродна пра цудоўныя аздараўленні асобных людзей, якія даверыліся Маці Божай Кангрэгацкай, але і кажуць пра багатую гісторыю горада, адлюстроўваючы падрабязнасці штодзённага жыцця гродзенцаў у XVII–XVIII ст.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця