Пошук

20.12.2018 16:13   Тэкст: Алена Болдак / Фота: кс. Андрэй Сіповіч / Catholic.by

 

16 снежня адбылася адвэнтавая сустрэча ў хрысціянскім кінаклубе «Рэха» ў мінскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Гэтая сустрэча завяршыла цыкл праглядаў, прысвечаных хрысціянскім цнотам: веры, надзеі і любові.

Не выпадкова, што ў час Адвэнту, час чакання і надзеі, прысутныя разважалі менавіта пра надзею. Праграма была падрыхтавана такім чынам, каб дапамагчы гледачам зрабіць свае сэрцы больш адкрытымі, падобнымі да дзіцячых, каб яны змаглі напоўніцца надзеяй чакання Нараджэння Езуса Хрыста.

Спачатку адбыўся прагляд мультфільма пра Божае Нараджэнне. Гэтая кароткая прыгожая стужка спрыяла таму, каб абудзіць у сэрцах гледачоў пяшчоту і прадчуванне свята Божага Нараджэння.

З водгукаў удзельнікаў сустрэчы:

Інэса: «Я б звярнула ўвагу на дзіўна цёплую і кранальную анімацыю Міхаіла Алдашына. Вобразы “Божага Нараджэння” Алдашына, перш за ўсё, адрасаваныя дарослым сэрцам. Наіўныя, простыя і дабрадушныя, яны прыносяць давер і спакой. Яны так лёгка ўляцелі ў гэты вечар кінаклуба, што засталося месца і для фільма...»

Потым сабраныя глядзелі фільм «Чацвёрты мудрэц». Гэты фільм спачатку падобны да казкі, потым да прыпавесці, а напрыканцы нагадвае гісторыю з Новага Запавету і з кожнай хвілінай усё глыбей зацягвае гледача, прымушае задумацца аб уласным жыцці, аб пошуках Хрыста ў тых, хто побач.

З водгукаў удзельнікаў:

Ірына: «Фільм вельмі спадабаўся, было складана стрымліваць эмоцыі. Для мяне гэты фільм быў пра любоў, ахвяру».

Ядвіга: «Фільм з глыбокім сэнсам і кіраўніцтва для ўсіх тых, хто шукае Хрыста. Усе мы, як гэты чацвёрты мудрэц, павінны прыносіць блізкім дабро — гэта і ёсць дар Пану. А мы часам, як той слуга, не маем цярплівасці, спыняемся на паўдарозе, не даводзім сваіх спраў да канца і потым наракаем на Бога, што пакінуў нас. А на самой справе гэта мы Яго кожны раз пакідаем. Калі твой кожны дзень будзе з Богам, то рана ці позна мы ўсе Яго ўбачым, а гэта наша галоўная надзея. Чыніце добрыя справы і будзьце з Богам!»

Напрыканцы пробашч парафіі кс. Андрэй Сіповіч распавёў пра падрыхтоўку нашых сэрцаў да свята Божага Нараджэння, пра пошукі Хрыста ў жыцці, пра традыцыю дзялення аплаткай.

Потым, згодна з традыцыяй кінаклуба, падчас апошняй сустрэчы ў каляндарным годзе ўдзельнікі падзяліліся аплаткай. Прагучала шмат добрых слоў і пажаданняў.

З водгукаў удзельнікаў:

Дзмітрый: «Вельмі спадабалася дзяленне аплаткай. Фільм “Чацвёрты мудрэц” нарадзіў глыбокае ўражанне. Апошняя сцэна трапіла проста ў сэрца».

Каб не страціць сувязь паміж сабой да наступнай сустрэчы, якія адбываюцца раз на месяц, удзельнікі аб’ядналіся ў суполку ў вайберы. Усе жадаючыя запрашаюцца далучацца да суполкі. Для гэтага дастаткова сканіраваць код і перайсці па спасылцы.

Удзельнікі суполкі першымі даведаюцца аб наступных паказах, атрымаюць дадатковую інфармацыю, звязаную з фільмамі, змогуць падзяліцца сваімі ўражаннямі і прапановамі.

Сустрэчы ў кінаклубе «Рэха» адбываюцца штомесяц з кастрычніка па сакавік у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску. Запрашаюцца ўсе ахвотныя.

Абноўлена 20.12.2018 22:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.