Пошук

19.12.2018 11:34   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

18 снежня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, наведаў Мінскі абласны клінічны шпіталь у Бараўлянах, дзе адбылася аплаткавая сустрэча з медперсаналам і пацыентамі.

Дзякуючы намаганням ксяндзоў салезіянаў, якія нясуць служэнне ў Бараўлянах, у шпіталі ўжо не першы год дзейнічае каталіцкая капліца, дзе кожную сераду ў 17.00 адбываецца святая Імша.

На пачатку сустрэчы ўсе сабраныя разам заспявалі калядныя спевы, а пасля арцыбіскуп звярнуўся да іх са словамі прывітання і віншавання з надыходзячымі святамі.

У сваёй прамове арцыбіскуп падкрэсліў, што сэнс Адвэнту заключаецца ў духоўнай падрыхтоўцы да святаў Божага Нараджэння і да другога прыйсця Хрыста ў славе.

На жаль, дадаў ён, сучасны свет больш увагі звяртае на вонкавую падрыхтоўку. Яна патрэбная, але не можа засланіць духоўную, мэта якой — падрыхтоўка дарогі прыходзячаму ў нашы сэрцы Езусу.

Па словах іерарха, Езус павінен нарадзіцца сваёй ласкай у нашых сэрцах, каб яны сталі Бэтлеемам нашага часу.

«Сучасны свет палітыкі, эканомікі, культуры не прымае Езуса, у ім няма Яму месца. А як з намі? Ці ў нашых сэрцах ёсць Яму месца? — задаў пытанне арцыбіскуп. — Калі няма, то мы маем яшчэ крыху часу, каб у апошнія дні Адвэнту праз сакрамэнт пакаяння дазволіць Яму ўвайсці ў іх».

Іерарх нагадаў, што папа Францішак называе Касцёл «палявым шпіталем».

«Як вядома, у шпіталі ўрачы лечаць цела чалавека, а ў Касцёле лечаць дух.

Такім чынам, дзякуючы ўдзелу медыкаў і святароў лечыцца ўвесь чалавек — яго душа і цела, каб у здаровым целе быў здаровы дух», — адзначыў ён.

Арцыбіскуп падзякаваў кіраўніцтву шпіталя за тое, што яно дае магчымасць душпастырскай дзейнасці сярод хворых і медперсаналу. Іерарх таксама пажадаў медыкам і хворым благаслаўлення Божага Немаўляці і шчаслівага Новага года, каб у ім намаганні лекараў прынеслі як мага больш плёну ў лячэнні хворых, а хворым — хутчэй папраўляцца.

Прысутныя падзяліліся аплаткамі, выказваючы адно аднаму святочныя віншаванні. Шматлікія пацыенты прасілі дазволу ўзяць аплаткі з сабой, каб занесці хворым, якія па стане здароўя не змаглі прыйсці на сустрэчу.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў некалькі палат, каб асабіста павіншаваць пацыентаў з надыходзячым святам Божага Нараджэння і пажадаць ім хутчэйшага выздараўлення.

На развітанне з іерархам супрацоўнікі шпіталя падаравалі яму памятны фотаздымак з мінулага года і адзначылі, што сустрэчы з ім для іх вельмі важныя і заўсёды прыемныя і менавіта з іх пачынаецца адчуванне надыходзячых зімовых святаў.

Абноўлена 01.02.2022 16:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.