Пошук

17.12.2018 11:42   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У ноч з 15 на 16 снежня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі прайшло адвэнтавае чуванне моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Сёлетняе адвэнтавае чуванне моладзі было прысвечана тэме «Божае Нараджэнне ў XXI стагоддзі». У супольнай малітве юнакі і дзяўчаты разважалі над тым, што было б, калі б Езус нарадзіўся ў наш час. Кірунак гэтым разважанням вызначыў арцыбісуп Тадэвуш Кандрусевіч у прамоўленым да ўдзельнікаў чування Божым слове падчас св. Імшы на яго пачатку.

Перадусім пастыр звярнуў увагу на тое, што на Сінодзе Біскупаў, прысвечаным моладзі, быў адзначаны вялізны ўплыў, які ў наш час аказваюць на фармаванне маладога чалавека сродкі камунікацыі.

Прыслухоўваючыся да пажаданняў моладзі, удзельнікі Сіноду казалі пра неабходнасць абвяшчаць Евангелле на зразумелай ёй мове.

«Таму падчас сённяшняга адвэнтавага разважання, якое ўводзіць нас у атмасферу таямніцы Уцелаўлення Хрыста, прапаную засяродзіцца на тым, як сучасны малады чалавек можа ўспрыняць яе праз вобразы сучаснай культуры», — сказаў арцыбіскуп, прапанаваўшы ўдзельнікам чування паразважаць над пытаннем, што б сталася, калі б Езус нарадзіўся ў наш час у Мінску.

Акрамя таго, што Евангелле тады б абвяшчалася на больш зразумелай сучаснаму чалавеку мове, былі б і іншыя адрозненні. Так, паводле арцыбіскупа,

«на шляху Езуса сёння змест пракажоных сустракаліся б алкаголікі і наркаманы, замест вінаградараў — менаджары, замест фарысеяў ці марнатраўнага сына — магчыма, хтосьці з нас».

Пасля гэтага іерарх прапанаваў уявіць сабе, як бачыць сцэну Нараджэння Хрыста, апісаную евангелістам Лукой, малады чалавек нашага часу. Намаляваўшы ў сучасных вобразах яскравую карціну нараджэння Хрыста ў Мінску ХХІ стагоддзя, арцыбіскуп Кандрусевіч зноў звярнуўся да моладзі з пытаннем:

«Хрыстус прыходзіць. Як мы Яго рыхтуемся сустрэць? Чым мы найбольш занепакоены? Шопінгам і клопатам пра тое, куды пойдзем на святы і каго запросім у госці? Чатамі ў інтэрнэце з сябрамі? Колькі з нас у інтэрнэце шукае звестак пра Божае Нараджэнне і яго сапраўднае хрысціянскае святкаванне?

Евангеліст Лука кажа, што для Езуса не знайшлося месца ў заездзе. А ці ёсць для Яго месца ў сучасным свеце? Жыццё паказвае, што для Яго зноў часта няма месца у свеце эканомікі, права, палітыкі…

А ў нас? У нашых душах і сэрцах? Ці ёсць месца Езусу ў нашым жыцці? Можа, Яму і цяпер трэба ісці ў прытулак для бяздомных?..»

Пры гэтым іерарх выказаў пажаданне, каб апошнія дні Адвэнта раскрылі перад маладымі вернікамі сапраўдны сэнс таямніцы Уцелаўлення Хрыста, каб сталі часам прымірэння з Богам, Касцёлам і людзьмі, а таксама часам служэння патрабуючым.

«Няхай радасная вестка аб Яго Нараджэнні ў Бэтлееме праз сацыяльныя сеткі дапаможа, каб Ён нарадзіўся ў сэрцах людзей XXI стагоддзя», — такім заклікам завяршыў сваю гамілію арцыбіскуп.

Пасля св. Імшы і благаслаўлення, якое ад імя папы Францішка ўдзяліў усім удзельнікам чування моладзі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр,  юнакі і дзяўчаты падзяліліся аплаткай з біскупамі і прэзбітэрамі, абменьваючыся з імі святочнымі пажаданнямі.

Вітаючы моладзь архідыяцэзіі, прадстаўнік папы Францішка прызнаўся, што вельмі рады зноў быць сярод іх і разам з імі чуваць пры Езусе ў Эўхарыстыі, «просячы Яго адкрыць нашыя сэрцы, нашыя сем’і, наш горад, нашую зямлю на Божую любоў».

Пры гэтым іерарх адзначыў, што кожны дзень можа стаць сапраўдным Божым Нараджэннем, нагадаўшы словы святой маці Тэрэзы з Калькуты, якая казала, што кожны раз, калі ты ўсміхаешся свайму брату і падаеш яму руку, прыходзіць Божае Нараджэнне.

«Кожны раз, калі маўчыш, каб выслухаць іншых; калі дорыш агеньчык надзеі тым, хто знаходзіцца ў адчаі; калі з пакорай прызнаеш свае слабасці; кожны раз, калі дазваляеш Богу любіць праз цябе тваіх бліжніх — кожны раз наступае Божае Нараджэнне», — сказаў Апостальскі нунцый, сардэчна павіншаваўшы ўсіх удзельнікаў чування з надыходзячымі святамі.

Апоўначы адбылася прэзентацыя парафій, моладзь з якіх сабралася на чуванне ў мінскай катэдры, што выглядала як прынясенне дароў да стаенкі, дзе вось-вось з’явіцца Нованароджаны Збаўца свету. Належна па-хрысціянску падрыхтавацца да сустрэчы з Ім моладзі архідыяцэзіі дапамагала прадстаўленая сцэнка і тэматычная канферэнцыя, а таксама малітва і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Завяршылася чуванне на світанні спевам Гадзінак да Найсвяцейшай Панны Марыі і благаслаўленнем.

       
Абноўлена 17.12.2018 18:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.