Пошук

11.12.2018 15:41   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

У Санкт-Пецярбургу 9 снежня завяршылася канферэнцыя «Магілёўская рыма-каталіцкая архідыяцэзія: сведчанні жывой памяці. 1783–1939 гг.»

На яе завяршэнне прайшла св. Імша, якую канцэлебравалі пробашч парафіі святога Станіслава у Санкт-Пецярбургу і арганізатар канферэнцыі кс. Кшыштаф Пажарскі, кс. Яцэк Войда з Варшавы і кс. Дзмітрый Пухальскі, канцлер Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Падчас Імшы была ўрачыста адкрыта і асвечана мемарыяльная шыльда з назвамі ўстаноў і прозвішчамі людзей, якія аказвалі фінансавую дапамогу касцёлу св. Станіслава ў 1997–2018 гг.

Большасць парафіянаў святыні — або нашчадкі палякаў і беларусаў, якія ў свой час апынуліся у Расіі, або беларусы, якія прыехалі ў Санкт-Пецярбург у савецкі час.

 

Пасля Імшы быў прачытаны акт мучаніцтва 23-х святароў — вязняў ГУЛАГу на Салавецкіх астравах, забітых у Сандармоху. Пасля агульнай малітвы ў цішыні былі прачытаны прозвішчы 425 святароў розных абрадаў і нацыянальнасцяў, закатаваных і загінулых у турмах, ссылках і лагерах у 1918–1958 гг.

Падчас чытання ў касцёле згасілі святло, а прысутныя трымалі у руках запаленыя знічы.

У свой час менавіта Пецярбург быў цэнтрам каталіцтва ўсёй Расійскай імперыі, у склад якой з канца XVIII стагоддзя і да 1917 года ўваходзілі і землі сучаснай Беларусі.

Для ўдзельнікаў канферэнцыі была зладжана экскурсія ў Расійскі Дзяржаўны Гістарычны архіў, дзе захоўваецца вялікая колькасць дакументаў, якія асвятляюць функцыянаванне Рыма-каталіцкаага Касцёла у Расійскай імперыі; будынак былой мітрапалітальнай курыі і рэзідэнцыі магілёўскіх арцыбіскупаў на Фантанцы, 118, дзе сёння знаходзіцца музей Гаўрылы Дзяржавіна.

Агледзелі ўдзельнікі канферэнцыі і будынак колішняй духоўнай акадэміі у Пецярбургу. Гэтая навучальная ўстанова дала Каталіцкаму Касцёлу 56 біскупаў і арцыбіскпаў, чатырох благаслаўлёных, а таксама Слугаў Божых — гэта арцыбіскуп Ян Цепляк, біскуп Караль Слівоўскі, біскуп Баляслаў Слосканс, пралат Канстанцін Будкевіч, ксёндз Ян Тройга, ксёндз Павел Хоміч, ксёндз Антоні Чэрвіньскі, айцец Фабіян Абрантовіч МІС і айцец Андрэй Цікота МІС.

Як праходзіла канферэнцыя

Першы дзень канферэнцыі прайшоў у Дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі. Ксёндз Яцэк Войда распавёў пра касцёльныя і палітычныя аспекты выдання булы папы Пія VI Onerosa pastoralis officii cura.

Пра асаблівасці існавання каталіцкага кляштара у Бялынічах да XIX стагодззя і гісторыю Бялыніцкага абраза Маці Божай распавёў Віталій Гайдась з Масквы.

Дзейнасці магілёўскіх мітрапалітаў былі прысвечаны даклады доктара тэалогіі Ганны Мрочак з Варшавы і канцлера Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Дзмітрыя Пухальскага.

Ксёндз канцлер распавёў пра жыцце і дзейнасць Мітрапаліта Эдварда фон Ропа. Ганна Мрочак расказала пра асаблівасці статусу магілёўскіх мітрапалітаў, звярнуўшы асаблівую ўвагу на Мітрапаліта Вінцэнта Ключынскага — ураджэнца сучаснай Беларусі.

Пра гісторыю каталіцтва на тэрыторыі сучаснага Калініграда распавёў прэлат Ежы Стэцкевіч.

Невядомым старонкам біяграфіі першага Мітрапаліта Магілёўскага Станіслава Богуша-Сестрынцэвіча быў прысвечаны даклад кс. Кшыштафа Пажарскага.

У прыватнасці, святар згадаў унучатага пляменніка біскупа кс. Станіслава Парчэўскага, ураджэнца сучаснай Беларусі і сябра Адама Міцкевіча. Актуальную тэму захавання каталіцкіх некропаляў закрануў у сваім дакладзе Сяргей Слаістаў з Масквы. Ён падзяліўся досведам працы невялікай групы энтузіястаў, якія апякуюцца пахаваннямі каталіцкіх святароў на могілках у Маскве.

Другі дзень канферэнцыі прайшоў у гістарычным будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі «Марыя — Каралева апосталаў». У гэты дзень прагучалі даклады, прысвечаныя новапакутнікам у СССР. Міхаіл Шкароўскі распавёў пра подзвіг пакутнікаў Ленінграда 1930-х гг.

Кацярына Лаўрыненка распавяла пра жыццё парафій у часы ганенняў на тэрыторыі сучаснай Віцебскай дыяцэзіі. Сярод іншага, яна закранула дзейнасць біскупа Баляслава Слосканса.

Напрыканцы кс. Кшыштаф Пажарскі, які з’яўляецца пастулятарам беатыфікацыйнага працэсу пакутнікаў савецкага часу у Расіі, распавёў пра стан працэсу і пра змены, якія плануюцца ў яго правядзенні.

Абноўлена 11.12.2018 15:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.