Пошук

08.12.2018 19:50   Catholic.by

8 снежня, калі Касцёл адзначае ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця НПМ, цэлебрацыю св. Імшы ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

У гаміліі, прамоўленай да сабраных у гэты ўрачысты дзень у галоўным касцёле архідыяцэзіі шматлікіх вернікаў, арцыбіскуп напачатку нагадаў словы з булы папы Пія ІХ Ineffabilis Deus, якой у 1854 г. была аб’яўлена гэтая праўда веры. Насамрэч яна і раней існавала ў свядомасці вернікаў, хоць і не была сфармулявана дактрынальна.

Гэтая праўда заключаецца ў тым, што моцаю будучых заслуг нашага Збаўцы Езуса Хрыста Марыя была вызвалена ад плямы першароднага граху, з якім нараджаецца кожны чалавек.

«Бог вызваліў Марыю ад гэтага граху, бо Яна была паклікана да надзвычайнай місіі — стаць Маці Збаўцы. Хрыстус — гэта сама святасць, якая не можа суіснаваць з грахом, і таму асоба, з якой Ён узяў сваё Цела, павінна была быць святою», — растлумачыў веравучэнне Касцёла арцыбіскуп.

Ён дадаў, што Бог і грэх — дзве несумяшчальныя рэальнасці, і таму Маці, якой было наканавана нарадзіць Езуса, сама павінна была быць без граху. Менавіта з гэтай прычыны Марыя была Беззаганна Зачатай, гэта азначае без першароднага граху, бо ўсе нашыя грахоўныя схільнасці бяруцца з яго.

«Сучасны свет напоўнены грахом, хоць і не згаджаецца з гэтым. Чаму так? Таму што грэх — гэта дзеянне супраць Бога, а шмат людзей не верыць у Яго. А калі няма Бога, то лагічна, што няма і граху.

У той жа час мы бачым, што зло існуе. Кожны дзень мы з’яўляемся сведкамі сцэн гвалту, сужэнскай здрады, разводаў, абортаў, карупцыі… Першародны грэх парушыў нашу прыроду, і мы сталі схільнымі да граху», — зазначыў іерарх.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што, урачыста ўспамінаючы Беззаганнае Зачацце Панны Марыі, Касцёл ушаноўвае Тую, якая ніколі не здзейсніла граху. Менавіта такое значэнне маюць словы арханёла Габрыэля, якімі ён у момант Звеставання звяртаецца да Марыі, называючы Яе «поўнаю ласкі». Падчас аб’яўленняў святой Бэрнардэце Субіру Марыя назвала сябе Беззаганным Зачаццем, а гэта азначае, што ў Марыі была адноўлена скажоная грахом чалавечая прырода, падкрэсліў іерарх.

«Будучы Маці Збаўцы, Марыя з’яўляецца нашай духоўнай Маці ў сэнсе Божай ласкі, бо Яна супрацоўнічала з Богам у справе нашага збаўлення. <…> Усё Яе жыццё — гэта жыццё адкрытасці для Бога і паслухмянасці Яму. Яе жыццё — гэта таксама жыццё той, якая цярпела разам са сваім Сынам дзеля збаўлення чалавека», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

«У Марыі мы бачым усе цноты дасканалага хрысціяніна, таму мы павінны імкнуцца быць падобнымі да Яе. Мы павінны старацца жыць такой самай верай, надзеяй і любоўю, якімі Яна жыла, і таксама старацца жыць без граху, як Яна жыла», — заклікаў вернікаў пастыр.

На заканчэнне ён сказаў:

«Калі мы сапраўды жадаем быць дасканалымі хрысціянамі, то пастараемся заўсёды згаджацца з Божай воляй. Жыццё паводле Божай волі — гэта шлях да святасці, гэта ключ да нашага збаўлення, гэта праграма будавання цывілізацыі жыцця, любові і супакою».

Абноўлена 09.12.2018 19:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця