Пошук

03.12.2018 15:46   Catholic.by

1 снежня ў парафіі св. Казіміра ў Стоўбцах вернікі прынялі сакрамэнт канфірмацыі. Яго ўдзяліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

У гаміліі арцыбіскуп назваў сімвалічным тое, што гэтая парафія завяршае стары літургічны год святой Імшой з удзяленнем сакрамэнту хрысціянскай сталасці. «Гэта пацвярджэнне працэсу ўзрастання ў веры тых, хто яго прымае», — дадаў ён.

«Сёння мы павінны дзякаваць за літургічны год, які завяршаецца, перапрашаць за ўсе недахопы і прасіць благаслаўлення на будучыню.

Мы павінны дзякаваць Богу, што даў нам магчымасць дажыць да завяршэння гэтага перыяду і ў перспектыве дае новыя магчымасці для ўзрастання ў веры, надзеі і любові.

Мы павінны перапрашаць за нашы недасканаласці як у асабістым, так і парафіяльным жыцці, бо гэты год быў вельмі складаным і нават турбулентным. Робячы рахунак сумлення, мы павінны спытаць саміх сябе: а ці кожны з нас паступаў згодна з Божай воляй, вучэннем і дысцыплінай Касцёла?» — сказаў іерарх.

«Толькі тады парафія будзе моцнай, калі будзе адзінай сям’ёй, — падкрэсліў арцыбіскуп. — Нездарма Хрыстус папярэджвае, што падзел Валадарства вядзе да яго знішчэння. Ніхто не зможа зламаць венік, але калі яго раздзяліць на асобныя галінкі, то кожную з іх зламаць вельмі проста».

«Складаныя падзеі года, які завяршаецца, няхай стануць урокам для ўсіх нас, каб мы ў імя любові да бліжняга ў духу ўзаемнага прабачэння маглі будаваць парафіяльную еднасць.

Мы таксама павінны прасіць аб Божым благаслаўленні, каб новы час, які перад намі, быў часам, напоўненым Божай ласкай, добрымі ўчынкамі і асабліва павагай да кожнага чалавека», — звярнуў увагу іерарх.

«Сёння Езус сярод нас падчас гэтай Эўхарыстыі і ў сакрамэнце канфірмацыі. У ім Ён пасылае нам свайго Святога Духа. Перад сваім Унебаўшэсцем Ён казаў апосталам, што для іх будзе лепей, калі Ён адыдзе, бо тады пашле Святога Духа, дзякуючы якому праз паслугу святара Езус будзе прысутны паўсюль.

Таму звяртаюся да ўсіх вас, і асабліва да тых, хто прымае сакрамэнт канфірмацыі. Ці ведаеце Езуса і Яго вучэнне? Ці прысутнічае Ён у вашых сэрцах? Ці з’яўляецца вашым сябрам? Ці хочаце следаваць за Ім?

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI вучыць, што сапраўднае сяброўства з Хрыстом праяўляецца ў спосабе жыцця чалавека, у дабрыні сэрца, лагоднасці, пакоры, міласэрнасці, справядлівасці, праўдзе, уменні прабачэння і змаганні за мір. Такі спосаб жыцця — гэта “пашпарт з адпаведнай візай”, што дазволіць у будучыні шчасліва ўвайсці ў вечнае жыццё», — адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Па словах іерарха, тыя, хто прымае сакрамэнт канфірмацыі, становяцца ў ім жаўнерамі Хрыста. «Жыццё жаўнера нялёгкае, і яго чакае шмат заданняў, найважнейшае з якіх — гэта бараніць Айчыну. Але трэба таксама бараніць веру і хрысціянскія каштоўнасці, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння», — заўважыў арцыбіскуп. — Сучасны свет сярод цярпенняў і несправядлівасці шукае новай надзеі на новую цывілізацыю любові, жыцця і міру. Аднак для будавання такой цывілізацыі ён патрабуе новых, моцных верай і аўтэнтычнай любоўю будаўнікоў».

«Гісторыя хрысціянства ніколі не была лёгкай. Крыж Хрыста найперш быў перададзены апосталам, а потым шмат мучанікаў падзяліла іх лёс. Гэта было бачна і ў нашай Бацькаўшчыне, асабліва падчас ганенняў.

Праўдай з’яўляецца тое, што не для ўсіх прадугледжана мучаніцтва. Але праўдай ёсць і тое, што ўсе павінны быць сведкамі Хрыста праз згоднае з Евангеллем жыццё. Хрыстус кажа: “Калі хтосьці хоча ісці за Мной, то няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною”.

Жыццё маладога чалавека напоўнена не толькі рознымі досведамі і экзаменамі ў школе ці ўніверсітэце, але і экзаменамі ў веры і выбары маральнага жыцця. Нярэдка гэты выбар павінен змагацца з уплывам ідэй секулярызму, які пануе ў сучасным свеце», — адзначыў іерарх.

У сакрамэнце канфірмацыі, нагадаў ён, «Хрыстус пасылае свайго Святога Духа, які дапамагае ў выбары сапраўдных а не фальшывых каштоўнасцяў, якія дазваляюць дасягнуць гармоніі паміж целам і душой».

«Каб дасягнуць добрага выніку ў навуцы, трэба шмат часу прысвяціць вучэнню. Каб стаць паспяховым спартсменам, неабходна шмат трэніравацца. Аднак самае прыгожае дасягненне — духоўная гармонія, якая дасягаецца тады, калі мы становімся духоўнымі чэмпіёнамі. Гэта нялёгка, але магчыма, і Святы Дух у гэтым дапамагае. Неабходна толькі дазволіць Яму дзейнічаць у нашых сэрцах», — дадаў арцыбіскуп.

Па яго словах, сімвалічна, што парафія ў Стоўбцах прысвечана св. Казіміру, які з’яўляецца апекуном моладзі. «Гэты святы быў сапраўдным духоўным чэмпіёнам. У тыя часы, калі ён жыў, таксама панавалі амаральныя звычаі, асабліва на каралеўскім замку. Казімір быў чалавекам слабога здароўя, і яму прапанавалі зграшыць. Аднак ён адмовіўся, кажучы, што лепей памерці, чым страціць цноту чыстасці», — сказаў іерарх.

Сілы для гэтага святы Казімір чэрпаў з малітвы, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і ўшанавання Маці Божай. Часта можна было ўбачыць, як ён ішоў ноччу басанож па снезе да віленскай катэдры і маліўся перад яе зачыненымі дзвярыма. Ён таксама з’яўляецца аўтарам песні на лацінскай мове «Кожны дзень праслаўляй Марыю».

«14 кастрычніка гэтага года папа Францішак кананізаваў сем новых святых, сярод якіх і папа Павел VI. Менавіта гэты Папа, які завяршыў Другі Ватыканскі Сабор, казаў, што сучасны чалавек больш верыць сведкам, чым настаўнікам, а калі верыць ім, то таму, што яны з’яўляюцца сведкамі, — прыгадаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. — Тады ў сваёй гаміліі Папа сказаў, што Хрыстус жадае ад нас не частковага, а поўнага прысвячэння Яму. Таксама і мы на шляху да святасці павінны цалкам, а не часткова прысвяціць сябе Хрысту».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў тых, хто прымаў у гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, і ўсіх прысутных «адкрыць свае сэрцы і душы на дзеянне Святога Духа», «быць сапраўднымі жаўнерамі Хрыста і сведкамі Яго Евангелля, каб з яго дапамогай змяняцца самім і змяняць аблічча нашай краіны».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.