Пошук

16.11.2018 17:26   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / grodnensis.by / Catholic.by

16 лістапада ў Вільні і ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці — Маці Божай Вастрабрамскай.

Ёсць такія абразы, укрыжаванні і фігуры, перад якімі калені самі згінаюцца, а рукі складаюцца для малітвы. Ёсць такія святыя месцы, што не пакідаюць абыякавымі тых, хто іх наведвае. Там як быццам адчуваеш жывы пульс гісторыі, пераплеценай з вераю продкаў і надзеяй на лепшае заўтра. Адно з такіх месцаў — Вострая Брама ў Вільні.

Менавіта там шмат стагоддзяў таму абрала сабе трон Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці Міласэрнасці. Да Вастрабрамскай Пані здаўна прыходзяць шматлікія пілігрымы, якія бачаць у Ёй адзіны ратунак. Часта яны прыбываюць здалёк, каб хоць на хвіліну ўкленчыць перад славутым ласкамі абразом і папрасіць аб заступніцтве, а таксама каб падзякаваць за атрыманыя дабрадзействы і ў чарговы раз паглядзець на лагоднае і заўсёды ласкавае аблічча Маці, якая ў Вострай Браме чакае кожнага з нас.

Людзі, якія ўпершыню глядзяць на аблічча Міласэрнай Пані, кажуць, што гэта незвычайнае перажыванне. Маці Божая глядзіць на пілігрымаў праз акно і, здаецца, быццам кажа: «Прыйдзі да Мяне, затрымайся хоць на хвіліну, знайдзі час на малітву».

На Беларусі, асабліва на тэрыторыі даўняй Віленшчыны, культ Маці Божай з Вострай Брамы надзвычай папулярны сярод вернікаў. Гэты абраз, апеты славутым паэтам Адамам Міцкевічам, ёсць тут практычна ў кожным касцёле і ў кожным доме.

Выява Маці Божай Вастрабрамскай прысутнічала таксама ў біскупскім гербе першага і адзінага кардынала ў гісторыі сучаснай Беларусі Казіміра Свёнтка, які дэвізам свайго служэння абраў словы Mater Misericordiæ — «Маці Міласэрнасці».

Будзем жа вучыцца кожны дзень давяраць Ёй, нашай міласэрнай Матулі, усе свае справы. Разам з усімі шанавальнікамі Маці Міласэрнасці за св. Максімільянам Кольбэ будзем усклікаць: «Маці Божая Вастрабрамская, у Цябе на руках няма Дзіцяткі Езуса: вазьмі ж мяне на свае рукі і пранясі шчасліва праз усё жыццё».

Абноўлена 14.01.2019 10:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця