Пошук

13.11.2018 14:22   Тэкст і фота: Святлана Лабковіч / Catholic.by

З 4 па 11 лістапада ў парафіі св. Антонія ў Слуцку ўпершыню за апошнюю чвэрць стагоддзя праходзілі Святыя місіі, якія праводзілі тут айцы рэдэмптарысты Анджэй Ядкоўскі і Валерый Мазюк.

Слуцкія парафіяне дзеляцца сваімі ўражаннямі пра перажытыя сямідзённыя місіі, мэта якіх — ажыўленне веры ў парафіяльных супольнасцях.

Наталля Ляўковіч:

— У настаўленнях айца Валерыя і айца Анджэя я пачула зразумелае, цікавае і вобразнае тлумачэнне асноваў хрысціянства. Я лічу, што для нашай парафіі гэта быў час Божай міласэрнасці і ласкі. Спадзяюся, што Святыя місіі стануць пунктам адліку духоўнага адраджэння на Случчыне.

Вераніка Пінчук:

— Для мяне Святыя місіі былі часам затрымацца, азірнуцца, раскласці па палічках сваё жыццё, у цішыні паразмаўляць з Богам, упарадкаваць свае думкі і пачуцці, адпачыць душою ад мітусні, пабыць сам-насам з Езусам.

Таццяна Аўгусцінская:

— Я перажыла гэтыя Святыя місіі такім чынам, што яны сталі для мяне часам разважання над сабой, над сваім жыццём, над сваёю вераю. Ці веру я ў Бога так, як Ён верыць у мяне?.. Словы айцоў рэдэмптарыстаў сапраўды закранулі кожны куточак майго сэрца. Яны зараджаюць сілаю, вераю і ўпэўненасцю ў тым, што калі мы разам з Богам, то нічога немагчымага няма.

Галіна Дземідовіч:

— Місіі, якія прайшлі ў нашай парафіі, далі мне магчымасць паглядзець на сваё жыццё па-новаму. Яны не толькі ўзрушылі маё сэрца, але літаральна «перавярнулі» ўсё маё жыццё. З кожным днём мне хацелася адчыняць браму свайго сэрца ўсё шырэй і шырэй. Але разам з гэтым мне станавілася ўсё больш і больш балюча ад таго, што мой Збавіцель, Наймілейшы Езус Хрыстус, так моцна мяне любіць і дае мне так шмат сваёй ласкі, а я сваімі грахамі прыбіваю Яго да крыжа.

Настаў дзень споведзі, і Езус Хрыстус выйшаў мне насустрач у сакрамэнце паяднання. Тады я па-сапраўднаму атрымала каралеўскі дар Божай Міласэрнасці. Маё сэрца напоўнілася верай, надзеяй і любоўю. Хацелася больш усміхацца, жыць, тварыць і служыць другому чалавеку. Я яшчэ глыбей зразумела, што калі Пан Бог будзе ў маім жыцці на першым месцы, то ўсё астатняе будзе на сваіх месцах. Толькі для Яго ніколі не трэба шкадаваць часу.

Веру ў тое, што Божае Слова, пачутае з вуснаў айцоў рэдэмптарыстаў, прынясе вялікі плён у жыцці ўсіх вернікаў нашай парафіі. За ўсё гэта хочацца шчыра падзякаваць айцу Валерыю і айцу Анджэю і пажадаць ім Божых ласкаў і дароў Святога Духа ў такім важным і патрэбным служэнні, якое яны нясуць.

Алена Новікава:

— Падчас Святых місій маё сэрца, душа і розум набылі адзін агульны кірунак — да неба разам з Хрыстом. Менавіта ў гэтыя святыя дні я асаблівым чынам адчула дзеянне Божага Провіду, калі душою і сэрцам выбрала Езуса Панам майго жыцця. Кожны дзень місіянеры нагадвалі нам пра бясконцую любоў і міласэрнасць Пана Бога, пра нашую вольную волю і слабасць, што вядзе да граху. Казалі і пра апеку Маці Божай над усімі намі. Пачуцці, якімі напоўнілася сэрца, немагчыма выказаць словамі.

Набажэнства Крыжовага шляху, якое з'яднала ўсіх удзельнікаў у супольнай малітве і разважанні, стала для нас урокам веры і напоўніла жаданнем заўсёды быць сведкамі Хрыста. Гэта быў сапраўды святы час, калі я адчула прысутнасць Бога і дзеянне Святога Духа. Гэта — свята душы і вялікі крок у жыццёвай пілігрымцы да неба.

Ала Мурачкоўская:

— Адчуваю вялікую радасць і хваляванне. Шчыра дзякую Пану Богу за тое, што Ён падараваў мне і ўсім парафіянам касцёла св. Антонія сем шчаслівых дзён Святых місій. З аднаго боку, гэта так мала, але разам з тым і так шмат…

З дапамогаю айцоў місіянераў Бог усемагутны даў мне магчымасць распачаць новае жыццё, як быццам з чыстага ліста, з чыстым і прагнучым любові да Бога і бліжняга сэрцам.

Як я жыла, па якіх сцежках блукала, што было ў думках і душы, дзе здрадзіла Богу і сабе і шмат іншых пытанняў, на якія я баялася даць адказ, але ўсё гэта змагла даверыць на шчырай споведзі. І стаўся сапраўдны цуд! Я плакала пасля яе шчыра, хоць душа спявала, а сэрца адкрылася для дабра.

Хацелася і хочацца ўзяць у рукі светач, запрасіць з сабою тых, хто яшчэ не адважыўся альбо блукае ў цемры зла, і павесці за сабою да Таго, хто любіць нас больш за ўсіх — да нашага Пана Бога. Ісці па Яго дарозе, па Яго слядах і не баяцца параніць ногі, даверыцца Яму не толькі ў роспачы, але і ў вялікай радасці, бо Ён — мой Бог!

Елізавета Старас:

— Святыя місіі, якія адбыліся ў нашай парафіі, дапамаглі мне адкрыцца для Божай міласэрнасці, для Яго прабачэння і бязмежнай любові. Гэта быў асаблівы час майго спаткання з Богам і з сабою. Здаецца, навокал нічога не змянілася, але адбылося штосьці незвычайнае: перамена майго сэрца.

Таму з упэўненасцю магу сказаць, што ўсё будзе так, як заўсёды, але ўжо ніколі не будзе так, як было. Цяпер маёй дарогай да неба будуць сляды Марыі, якая вядзе да свайго Сына і майго Пана Езуса Хрыста.

Дар’я Стажок:

— Дзякуючы Святым місіям аднавілася і ўзмацнілася маё духоўнае жыццё. Словы, якія мы пачулі, настолькі запалі ў сэрцы моладзі, што стала лягчэй глядзець на свет. Катэхеза, якая адбылась падчас Місій, навучыла мяне любіць сябе такою, якою я ёсць.

Я ўсур’ёз задумалася: кім сапраўды Езус з’яўляецца для мяне? Ці сапраўды я ў Яго веру? Час, які быў нам дадзены, дапамог зразумець і адказаць на гэтыя пытанні. Мяркую, што ўся наша моладзь удзячная Богу за гэтую ласку Святых місій і за мудрых місіянераў: а. Анджэя і а. Валерыя!

 
Абноўлена 13.11.2018 14:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця