З 22 па 29 кастрычніка ў парафіі Святога Духа ў Віцебску адбыліся першыя ў гісторыі гэтай каталіцкай супольнасці Святыя місіі.
Па запрашэнні пробашча парафіі ксяндза Аляксандра Сапеля SDS, іх правялі ксяндзы місіянеры з законніцкай супольнасці аблатаў Беззаганнай Панны Марыі з Шуміліна (Віцебская дыяцэзія) — ксёндз Павел Лемех OMI і ксёндз Анджэй Юхневіч OMI.
2023 год для віцебскай парафіі Святога Духа багаты на памятныя і важныя падзеі. 28 мая вернікі адсвяткавалі 20-годдзе з часу заснавання гэтай супольнасці і 10-годдзе з часу пасвячэння парафіяльнага касцёла.
Вернікі супольнасці належным чынам падрыхтаваліся да Святых місій, якія служаць евангельскай аднове і ўмацаванню веры ў супольнасці.
У нядзелю, якая стала першым днём Місій, на святой Імшы адбыўся абрад сімвалічнай перадачы ключоў ад касцёла. Юрыдычная ўлада ў парафіі засталася за пробашчам, а духоўная перайшла ў рукі місіянераў аблатаў. Ксёндз Анджэй Юхневіч распачаў пропаведзь з песні пад гітару, дзе былі такія словы: «Калі ў Божых руках цэлы свет, значыць, ты таксама». Гэты радок з прыпеву стаў галоўнай думкай прамоўленага казання.
У другі дзень удзельнікі місій разважалі пра Божыя запаведзі і, кладучы правую руку на Біблію, паабяцалі іх выконваць.
Тэмай трэцяга дня Святых місій стаў грэх. Місіянер растлумачыў важнасць споведзі, а таксама як правільна да яе рыхтавацца і што казаць перад канфесіяналам.
У сераду вернікі разам з місіянерамі маліліся за памерлых, у тым ліку за палеглых на войнах. Кожны маліўся таксама за сябе, каб належным чынам падрыхтавацца да пераходу ў вечнасць, якога, па словах місіянера, не трэба баяцца.
У чацвер — пяты дзень Місій — у парафіі цэлебраваліся дзве святыя Імшы: ранішняя — з навукай для хворых, старэйшых і самотных з удзяленнем сакрамэнту хворых, а ўвечары — з агульнай навукай. Тых, хто не змог прысутнічаць з-за цяжкай хваробы, місіянеры наведалі дома. На заканчэнне вечаровай Імшы адбылася працэсія вакол касцёла.
А дзявятай гадзіне ўвечары пачалася «ноч Нікадэма» — Эўхарыстычнае набажэнства з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту. Нікадэм быў фарысеем, які верыў у Хрыста і прыходзіў да Яго ноччу, каб пазнаваць Божую праўду. Удзельнікі місій разважалі аб прабачэнні, годнасці і шчырасці, а моладзь спявала песні пад гітару. Завяршылася набажэнства індывідуальным благаслаўленнем.
Пятніца стала днём пакаяння і перапрашэння за грахі супольнасці, а таксама днём споведзі.
Падчас Імшы перад алтаром касцёла ляжаў вялікі крыж, да якога па чарзе падыходзілі і маліліся спярша мужчыны, а потым жанчыны, моладзь і дзеці, пасля чаго крыж быў усталяваны пры ўваходзе ў касцёл.
Місіянеры яго благаславілі, і кожны прысутны меў магчымасць падысці і пацалаваць крыж на знак сваёй веры. У пятніцу адбылося таксама набажэнства Крыжовага шляху, якое суправаджалася чатырнаццаццю ўрыўкамі з фільма «Пакуты Хрыстовы».
У суботу, Марыйны дзень, парафіяне адзначылі місійную ўрачыстасць Маці Божай, і пасля Імшы адбыўся Чын даручэння парафіі Беззаганнай Панне Марыі.
Нядзеля стала заключным днём святых Місій, на заканчэнне якіх быў падпісаны адпаведны дакумент, а ўсе ўдзельнікі памаліліся аб добрым плёне гэтага часу ласкі.
Парафіяне падзякавалі місіянерам за магчымасць паглыблення веры, за казанні і споведзь.