У Беларусі працягваецца перэгрынацыя фігуры св. Арханёла Міхала. 10 лістапада прывезеная з італьянскага санктуарыя выява святога апекуна Касцёла на Беларусі наведала Апостальскую Нунцыятуру — пасольства Ватыкана ў Мінску.
Сустрэў фігуру Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр і сёстры назарэтанкі, якія служаць у нунцыятуры. На пытанне, ці не лічыць нунцый мэтазгодным, каб перэгрынацыя фігуры арханёла Міхала, мэтаю якой з’яўляецца малітва за Беларусь, адбылася ва ўсіх парафіях нашай краіны, прадстаўнік Папы адказаў:
«Думаю, што для гэтага не патрэбен дазвол Канферэнцыі Біскупаў.
Як мы бачым, перэгрынацыя актыўна праходзіць па парафіях. Дастаткова, што яны праяўляюць ініцыятыву і запісваюцца ў праграму перэгрынацыі. Таму праз два ці тры гады гэтая фігура наведае ўсе парафіі», — выказаў спадзяванне прадстаўнік папы Францішка ў нашай краіне.
Фігура арханёла прабудзе ў Апостальскай Нунцыятуры да 14 лістапада, пасля чаго наведае парафію Святых апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно ў капліцы Душпастырскага цэнтра пры епіскапаце Беларусі на вул. Кальцова, 153.
Перэгрынацыя працягваецца ўжо больш за месяц, і за гэты час перад фігураю з італьянскага санктуарыя з Монтэ Гаргана маліліся парафіяне мінскай катэдры, касцёлаў на Залатой Горцы і на вул. Ангарскай, у мікрараёнах Чыжоўка і Серабранка, а таксама на Кальварыі. У кожнай парафіі вернікі на працягу тыдня маліліся за Беларусь і ва ўласных інтэнцыях, а ў апошні час асабліва за памерлых, для якіх нашыя малітвы з’яўляюцца адзіным ратункам у вечнасці.