7 лістапада, калі ў Беларусі на дзяржаўным узроўні адзначаецца дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, пад Глыбокім памаліліся за ахвяраў камуністычнага і нацысцкага рэжымаў. Па ініцыятыве пробашча парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім кс. Мікалая Ціхановіча каля ста вернікаў разам са святарамі сабраліся ва ўрочышчы Барок на месцы пахавання савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных.
Непадалёк адсюль, каля сценаў сучаснай турмы ў Глыбокім, быў нацысцкі лагер для савецкіх ваеннапалонных. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, тут пахавана каля 27 тысяч чалавек, якія памерлі ад голаду, холаду або былі расстраляныя. Тут жа знаходзяцца пахаванні некалькіх соцень італьянскіх ваеннапалонных, якіх нацысты расстралялі ў 1943 годзе, калі Італія перастала быць саюзнікам Германіі.
На могілках усталяваныя 27 валуноў, кожны з якіх сімвалізуе тысячу ахвяраў. На пачатку 90-х гадоў на мемарыяле быў устаноўлены крыж. Каля гэтага крыжа і адбылася святая Імша.
Святары маліліся за ахвяраў абодвух рэжымаў, а таксама ў інтэнцыі прабачэння за тое зло, што рабіў на гэтай зямлі камуністычны рэжым. У сваім слове да вернікаў ксёндз Мікалай яшчэ раз нагадаў пра ахвяраў савецкага рэжыму, паказаўшы спіс людзей, што загінулі ў турме НКУС у Беразвеччы (зараз гэта частка Глыбокага).
«Ніхто публічна не перапрашаў за грахі рэжыму ў нашай краіне, ніхто не пакаяўся за забойствы людзей, за іх вываз, за іншыя рэпрэсіі. Хто гэта будзе рабіць, калі не Касцёл? Я лічу, што гэта наш святы абавязак», — падкрэсліў святар.
Ён таксама адзначыў, што калі помнікі ахвярам нацызму існуюць, то помнікаў ахвярам савецкага рэжыму пакуль няма. Разам з тым святар лічыць, што такія помнікі трэба ставіць, і, цалкам магчыма, такі помнік можа з’явіцца і ў Глыбокім — патрэбна толькі канструктыўнае супрацоўніцтва з мясцовай уладай:
— Гэта ўжо вялікая справа, што тут не адбываюцца п’янкі, гулянкі і рознага роду падобныя мерапрыемствы, якія не павінны тут адбывацца.
Трэба адзначыць, што да пачатку 90-х гадоў непадалёк адсюль адзначаліся розныя мерапрыемствы: дні горада, Купалле, праводзіліся канцэрты. Сцэна была размешчана непадалёк ад пахаванняў. На гэтых святах прадаваўся алкаголь, і людзі пілі і весяліліся проста ля магілаў. Потым святы адсюль перанеслі, сцэну разабралі.
Ксёндз Мікалай таксама падкрэсліў, што гэтая Імша — не палітычная акцыя, а даніна памяці тым людзям, што загінулі ад абодвух таталітарных рэжымаў.
Праз дарогу ад пахаванняў знаходзіцца стрэльбішча, якое дзейнічае і зараз. Пабудавалі яго яшчэ польскія пагранічнікі, але тады тут не было пахаванняў і мяжа горада была далёка. Зараз тут вучацца страляць ля самых магілаў, ды і горад знаходзіцца побач.
— Можа, гэта і не зусім па-чалавечы. Думаю, гэта пытанне можна было б вырашаць з мясцовай уладай. Бо гэта месца павінна быць месцам спакою, малітвы і разважання, — мяркуе кс. Ціхановіч.