Пошук

05.11.2018 11:31   Кс. Юзаф Сярпейка / Catholic.by

Каталіцкія могілкі ў Магілёве 2 лістапада сабралі вернікаў на супольную малітву за ўсіх памерлых. У часы ганенняў ваяўнічага атэізму і ў 90-я гады адраджэння гэтае месца было стаўпом веры магілёўскіх католікаў.

Перад пачаткам літургіі біскупскі вікарый Магілёўскага рэгіёну біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB са святарамі і сёстрамі законнымі запаліў знічы на магілах духоўных асобаў, целы якіх пахаваныя на гэтых могілках.

Затым біскуп узначаліў святую Імшу. У малітве прынялі ўдзел душпастыры Магілёва, дэкан Магілёўскі кс. Віталій Маргуноў, пробашч парафіі Св. Казіміра і св. Ядвігі айцец Раман Шульц OP, пробашчы рыма-каталіцкай і грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Бялыніцкай кс. Юзаф Сярпейка і а. Васіль Ягораў, сёстры місіянеркі Святой Сям’і з магілёўскай катэдры і вернікі Магілёва.

     

У гаміліі іерарх распавёў пра сутнасць малітвы за памерлых.

«Учора, 1 лістапада, мы разважалі пра трыумфуючы Касцёл і разам з яго членамі праслаўлялі Усемагутнага Бога. Сёння ўсе мы, члены пілігрымуючага Касцёла, злучаемся ў гарачай малітве за Касцёл пакутуючы — за душы памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы і церпяць ачышчальныя пакуты, каб маглі як найхутчэй ачысціцца ад усяго ўчыненага на зямлі зла і ўвайсці ў Нябеснае Валадарства», — сказаў біскуп.

Іерарх нагадаў, што святы айцец Піо з П’етрэльчыны шмат маліўся за душы, якія церпяць у чыстцы, а яны часта яго наведвалі. Гэты святы таксама бачыў чыстец і тое, як душы там пакутуюць. Айцу Піо было аб’яўлена, што душы ў чыстцы добра ведаюць, хто за іх моліцца, і ў знак удзячнасці моляцца за іх; што пакуты, якія перажываюцца ў чыстцы, значна большыя за ўсе пакуты на зямлі; што некаторыя душы павінны пакутаваць вельмі доўга, аж да канца свету, таму што ў іх ёсць шмат вінаў і яны забытыя ў малітвах жывымі.

Менавіта таму, па словах біскупа, нам трэба штодзённа памятаць пра памерлых у сваіх малітвах, ахвяроўваць у іх інтэнцыі святыя Імшы, прымаць святую Камунію, а таксама пакуты і ўстрыманні.

«Успамін усіх памерлых вернікаў нагадвае, што кожны з нас будзе калісьці пакліканы Богам, каб перайсці праз браму смерці, — дадаў іерарх. — Паколькі ніхто з нас не ведае, калі гэта адбудзецца, то не заўсёды мы дастаткова гатовыя да сустрэчы з Богам. Часам смерць чалавека здзіўляе, калі яна прыходзіць раптоўна, нечакана. Смерць не дазваляе тады завяршыць многія важныя жыццёвыя справы, у тым ліку выпраўлення і выканання пакуты за ўчыненыя грахі».

 

«Думка пра смерць страшная для тых, у каго няма надзеі, хто жыве так, як быццам не існуе ні Бог, ні смерць, ні канчатковая справядлівасць. Для тых, хто верыць і з Хрыстом будуе сваю штодзённасць, смерць з’яўляецца пераходам да сапраўднага жыцця, з’яўляецца вызваленнем, сапраўдным уваходам у рай, бо мы не нараджаемся, каб памерці, але паміраем, каб жыць», — падкрэсліў біскупскі вікарый Магілёўскага рэгіёну.

«Бог нікога не асуджае і кожнаму дае неабходныя ласкі, каб атрымаць збаўленне. Пакуль мы жывём і маем магчымасць узрастаць у ласцы і святасці, не варта марнаваць часу і Божай ласкі. Няхай нашае зямное жыццё будзе простай дарогай на неба, таму што ў доме нашага Айца ёсць шмат месцаў таксама і для нас», — заключыў іерарх.

Пасля Эўхарыстыі біскуп, святары, сёстры законныя і вернікі маліліся ў працэсіі за памерлых іерархаў, святароў, кансэкраваных асобаў, бацькоў, блізкіх, загінулых у войнах і з прычыны тэрарыстычных актаў, а таксама за ўсіх памерлых.

Абноўлена 05.11.2018 12:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.