Пошук

02.11.2018 12:27   Catholic.by

Напярэдадні ўрачыстасці Усіх Святых і ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў у мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай прайшла сустрэча моладзі на тэму «Рэпрэзентацыя асобы памерлага ў Беларусі: гісторыя і традыцыі».

«Размовы з маладымі людзьмі падштурхнулі мяне да думкі, што ў сілу сваёй маладосці яны не ўсведамляюць сэнс смерці як сімвала пачатку вечнага жыцця хрысціяніна, — адзначыў пробашч парафіі кс. канонік Францішак Рудзь. — Яны мала знаёмыя з гісторыяй, традыцыямі пахавання і шанавання памерлых на беларускіх землях.

Адсутнасць ведаў не дае ім асэнсавана ставіцца да памяці продкаў і прымушае сур’ёзную рэч замяніць на жарт у выглядзе святкавання Хэлоўіна. Таму я вырашыў пазнаёміць моладзь з традыцыямі пахавання беларусаў».

Дзень Усіх Святых, які адзначаецца 1 лістапада, адзін з дзесяці асноўных святаў у каталіцкім літургічным годзе. Шанаванне святых пачынаецца з ранніх стагоддзяў хрысціянства, а паняцце «святыя» змянялася на працягу гісторыі Касцёла.

Першапачаткова імі называлі ўсіх людзей, якія прынялі праз хрост хрысціянства. Затым святымі сталі называць мучанікаў, якія прынялі смерць за веру ў Хрыста. З тых часоў і існуе традыцыя малітваў на магілах памерлых.

Чаму моладзь «гуляецца» ў Хэлоўін?

2 лістапада, адразу за ўрачыстасцю Усіх Святых, адзначаецца ўспамін усіх памерлых вернікаў. Любоў і павага, памяць пра сваіх продкаў дазваляе людзям падтрымліваць сувязь пакаленняў, не згубіць гісторыю сваёй сям’і, радзімы і ў цэлым мінулага сваёй дзяржавы.

Аднак, нягледзячы на сэнс гэтых хрысціянскіх святаў, поўны павагі, шанавання, усведамлення сваіх памылак, нашых малітваў, моладзь працягвае забаўляцца Хэлоўінам.

Чаму маладыя людзі, нягледзячы на выразную пазіцыю Касцёла да гэтага «свята», казанні, мноства тлумачэнняў у духоўнай літаратуры і ў інфармацыйных рэсурсах, зноў цікавяцца Хэлоўінам і прыходзяць з пытаннямі да святара?

Гутарка не мела толькі рэлігійную накіраванасць. У час яе святар распавёў пра віды пахаванняў нашых продкаў у IX–XV стст., надмагільныя і мемарыяльныя помнікі на тэрыторыі Беларусі ў XVI–XIX стст., традыцыі пахавання і сімволіку крыжа на могілках.

У гутарцы святар звярнуўся і да тэмы «свята» Хэлоўіна, які вядзе пачатак ад кельцкага рытуалу Самхаіна. Адказваючы на пытанні слухачоў, ён адзначыў, што паходжанне, форма і сутнасць гэтага «свята смерці» — паганскія.

Яны не сумяшчальныя з верай ва Уваскрослага Хрыста, які перамог пекла і смерць. Вытокі Хэлоўіна з’яўляюцца здзекам над днём Усіх Святых і над самімі святымі. Сімволіка Хэлоўіна непрымальная для хрысціяніна.

Яна ўяўляе сабой падмену хрысціянскіх каштоўнасцяў антыхрысціянскімі: варажба, вядзьмарства, увасабленне смерці і духаў зла, паганскія абрады прынясення ахвяр злым духам.

«2018 год у Касцёле ў Беларусі стаў Годам моладзі. Менавіта з ёй звязана будучыня Касцёла, — зазначыў святар. — Ад поглядаў і ладу жыцця сучаснага пакалення моладзі залежыць, якім будзе наступнае пакаленне.

Шчыра спадзяюся, што наша размова дапамагла маладым людзям зразумець, што сям’я — аб’яднанне, якое сваёй духоўнай падтрымкай, вопытам і парадай дапамагае на нашым жыццёвым шляху».

«Памерлыя продкі толькі цялесна перасталі знаходзіцца побач з намі, духоўна яны працягваюць быць членамі нашай сям’і, — падкрэсліў кс. Францішак Рудзь. — Касцёл — гэта духоўная сям’я, у якой святыя — гэта нашы родныя, незалежна ад таго, як даўно яны жылі. Іх магілы — гэта сімвал тленнасці чалавечага цела, але вечнасці душы. Беларускі народ мае старажытныя традыцыі шанавання продкаў і іх пахаванняў».

Абноўлена 02.11.2018 15:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа