Пошук

02.11.2018 13:02   Catholic.by

Католікі Магілёва ва ўрачыстасць Усіх Святых маліліся ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава аб дары святасці для кожнага чалавека, а асабліва для моладзі.

Біскупскі вікарый для Магілёўшчыны біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які ўзначаліў вечаровую святую Імшу, у гаміліі адзначыў, што сярод святых былі багатыя і бедныя, адукаваныя і зусім простыя людзі.

«Гэта былі не толькі духоўныя і кансэкраваныя асобы, але і людзі з сем’ямі, жанатыя і замужнія, моладзь і дзеці, — зазначыў іерарх. — Усе яны змаглі дасягнуць збаўлення і стаць святымі.

Гледзячы на іх прыклад, ніхто з нас не мае ніякіх апраўдальных аргументаў, што мы знаходзімся ў нейкіх асаблівых сучасных умовах і дасягнуць святасці ў іх немагчыма. Адважуся сказаць, што тыя, хто нас апярэдзіў у вечнасці, ззяючы сёння прыкладам святасці, знаходзіліся ў абставінах больш цяжкіх, чым сёння мы».

Паводле слоў біскупа, «святасць — гэта не ганаровая грамата за добра пражытае жыццё, не залаты медаль і не чырвоны дыплом, дзе адны толькі дзясяткі»:

«Святасць — гэта сведчанне пра асабістае „так“, якое чалавек гаворыць у адказ на Божы заклік жыць паводле Яго навукі».

«У жыцці кожнага з нас ёсць месца памылкам і зманам. Большасць з нас не пазбегла і досведу цяжкіх грахоў. Аднак, калі мы хочам быць сапраўднымі хрысціянамі, то павінны памятаць, што ў першую чаргу мы пакліканы да святасці. Пра гэта ўвесь час кажа ў сваіх пасланнях апостал Павел, што Бог „выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові“ (Эф 1,4). Тое ж самае сцвярджае апостал Пётр: „на ўзор Святога, які паклікаў вас, самі станьце святымі ва ўсіх паводзінах вашых“ (1П 1,15).

Узіраючыся сёння ў постаці усіх святых, можна дадаць, што Касцёл — наша Маці, якая паказвае, што і для нас адчынены дзверы, каб стаць сапраўдымі хрысціянамі.

Імкненне да святасці ў канкрэтным жыцці не трэба адкладаць на пасля. Святы Аўгустын параўноўваў адкладанне намі свайго навяртання і выпраўлення на заўтра — з карканнем вароны. Ці доўга мы яшчэ будзем каркаць? Чаму б нам не распачаць навяртанне і выпраўленне сёння, зараз?..»

Абноўлена 02.11.2018 19:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа