Пошук

01.11.2024 07:38   Catholic.by

1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе сваё слова да вернікаў.

Дарагія браты і сёстры,

сёння першы дзень лістапада.

У гэты дзень Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых.

Гэтая ўрачыстасць мае больш чым тысячагадовую традыцыю і нагадвае нам найперш пра тых святых Пана «з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў» (Ап 7, 9), якія не маюць свайго асобнага ўспаміну ў літургічным календары. Ушанаванне святых у многіх краінах пачалі адзначаць у сярэдзіне VIII стагоддзя, а ў 935 годзе Папа Ян XI устанавіў асобнае свята ў гонар Усіх Святых, якое адзначаецца ва ўсім паўсюдным Касцёле 1 лістапада.

Колькі ж ёсць святых і благаслаўлёных у нашым Касцёле? Адказу на гэтае пытанне не ведае нават сам Святы Айцец, хоць ён мае права абвяшчаць кананізацыю і беатыфікацыю тых хрысціянаў, якія адзначаліся асаблівымі цнотамі, гераічнасцю веры ці мучаніцтвам за веру і заслужылі святасць. Мы не ведаем таксама, каго з нашых продкаў, блізкіх, сяброў, знаёмых, якія ўжо адышлі з гэтага свету, Пан Бог далучыў да супольнасці святых.

1 лістапада часта асацыюецца з наведваннем могілак, запальваннем знічоў на магілах нашых родных і блізкіх, з малітвамі за памерлых, таму ў гэты дзень пануе суцішанасць, сур’ёзны настрой, поўны роздуму і нават суму. Сапраўды, у гэты дзень мы наведваем могілкі і сваёю малітваю атуляем дарагіх нашаму сэрцу памерлых.

Але ўсё ж такі ўрачыстасць Усіх Святых павінна быць радасным днём, бо мы ўшаноўваем усіх, хто ўжо дасягнуў хвалы збаўлення ў небе. Ушаноўваем не толькі тых, каго Касцёл узнёс на алтары праз кананізацыю і беатыфікацыю, але і тых святых, пра каго мы не ведаем. Гэты дзень можна лічыць універсальнымі імянінамі, бо гэта імяніны ўсіх нашых святых заступнікаў, усіх тых нашых родных, блізкіх, знаёмых і незнаёмых, якія адышлі да Пана Бога ў ласцы святасці і з’яўляюцца нашымі апекунамі і заступнікамі перад Богам у небе.

Таму ўрачыстасць Усіх Святых — гэта свята Касцёла, які жыве ў хвале.

Гэта свята ўсіх тых веруючых людзей, якія ў сваім зямным жыцці ішлі за Езусам, паверылі ў Яго, былі вернымі Яму і цяпер яны спазнаюць вечнасць. Яны спазнаюць спаўненне ўсіх абяцанняў Езуса: абяцання благаслаўлення, шчаслівага сузірання Пана Бога, спазнаюць Яго бясконцую любоў, вечнае шчасце. Гэтае свята некалі спрабавалі абмежаваць святам памерлых, спрабавалі прымусіць думаць пра чалавека без вечнасці, без Неба, без Бога. Бо калі Бога няма, то жыццё страчвае два важных фактары: фактар святасці і фактар граху. А калі няма граху, то нікому не трэба выпраўляць свае памылкі, не трэба звяртаць ніякай увагі на адсутнасць справядлівасці. І калі няма святасці, то чалавеку няма патрэбы ўдасканальвацца, змяняцца, няма нічога, што падштурхне чалавека да таго, каб перамагчы свае слабасці і залежнасці, пабудаваць чалавечнасць, якая адрозніваецца ад той, што мы самі можам сабе ўявіць.

Для ўсіх нас, хто верыць у Хрыста Уваскрослага, гэтая ўрачыстасць не з’яўляецца днём памерлых. Гэта дзень Усіх Святых, а значыць, можам сказаць, што гэта дзень усіх шчаслівых людзей. І калі тыя, хто жыў да нас, хто паверыў у Хрыста, цяпер шчаслівыя, то гэта дадае нам адвагі для таго, каб і мы таксама захапіліся імкненнем дасягнуць гэтага шчасця.

Браты і сёстры, па сваёй сутнасці сама ўрачыстасць Усіх Святых мае істотную сувязь з Уваскрасеннем, з Пасхай Хрыста.

Гэта першае адлюстраванне Вялікадня — Хрыстус уваскрос, і мы таксама ўваскрэснем. Сёння людзі вельмі засяроджаныя на тэме шчасця. Кожны хоча быць шчаслівым, але мала хто ведае, як гэтага шчасця дасягнуць. Мы не можам зрабіць шчаслівымі тых, хто ад нас залежыць, ці тых, з кім мы сябруем. Урачыстасць Усіх Святых дазваляе нам думаць перш за ўсё пра абяцанні Хрыста. Пра тое, што пайсці за Ім азначае ісці ў кірунку да шчасця: але не індывідуальнага шчасця, звязанага з валоданнем чагосьці, дасягненнем, атрыманнем момантаў задавальнення. Гэтае шчасце звязана з рэалізацыяй сябе ў самых глыбокіх пластах чалавечнасці. Яно асацыюецца з паспяховым жыццём, жыццём, якога не трэба саромецца, бо яно вядзе да святасці. А святы чалавек — гэта не нейкі асілак ці супергерой; гэта той, у якім людзі пазнаюць і бачаць прысутнасць Бога.

Браты і сёстры. У сённяшняй урачыстасці Касцёл хоча звярнуць увагу перш за ўсё на Божую ласку, якая ў канкрэтным чалавеку, нягледзячы на яго слабасць, аказалася мацнейшай, плённай і дазволіла дасягнуць святасці. Сённяшняя ўрачыстасць асаблівым чынам адсылае нас да таямніцы Бога, у Тройцы Адзінага, які дае сябе нам, спасылаючы на нас Духа Святога. Святасць жыцця не падае на нас немаведама адкуль: яна паходзіць з нашага жыцця; паходзіць ад Духа Святога і ад нас. Дух, дадзены нам Айцом і Сынам, пачынае дзейнічаць у нас з моманту хросту і дзейнічаць з намі пасля сакрамэнту канфірмацыі, прыходзіць да нас як да сваёй уласнасці — умілаванага вобразу Сына, але скажонага грахом. У так зразуметай прасторы ўзаемнага даверу, запавету, які ніхто і нішто не можа парушыць, адбываецца таямніца нашага абагаўлення, наш шлях да святасці.

Гэтым шляхам прайшлі сотні мужчын і жанчын, якіх мы сёння ўзгадваем у літургіі і пакорна просім іх аб заступніцтве, каб і мы адважыліся і паверылі, што таксама можам вырушыць на гэты шлях.

Папа Бэнэдыкт ХVI, звяртаючы ўвагу на словы пра еднасць святых у Апостальскім сімвале веры, падкрэсліваў: «Якой жа прыгожай і напоўненай суцяшэннем з’яўляецца наша вера ў еднасць святых! Гэта рэальнасць, якая надае іншае вымярэнне ўсяму нашаму жыццю. Мы ніколі не застаемся адны! Мы належым да аднаго духоўнага „таварыства“, у якім пануе вялікая салідарнасць: дабро кожнага прыносіць карысць усім і, наадварот, усеагульнае шчасце праменіцца на паасобных людзей. Гэта таямніца, якую мы ўжо ў пэўнай ступені можам перажываць на гэтым свеце, у сям’і, у сяброўстве, асабліва ў духоўнай супольнасці Касцёла» (Прамова падчас малітвы «Анёл Панскі», 1 лістапада 2009 г.).

Сёння мы ўзіраемся ў неба, каб убачыць вялікую працэсію святых, апранутых у белыя шаты. Яны завяршылі сваю зямную пілігрымку і дасягнулі сваёй мэты. Ачышчаныя ад усялякай плямы і недасканаласці, яны стаяць перад Богам, які прытуляе іх як сваіх дзяцей. Ён выцірае кожную слязу і вызваляе ад клопатаў і страхаў. З гэтага часу яны жывуць толькі самім Богам, дзеляць з Ім шчасце і радасць і цешацца спакоем. Бог узнагародзіў іх за тое, што яны настойліва шукалі Яго, што былі вернымі Яму, што рабілі дабро, што пастаянна да Яго вярталіся. Яны Богу давяралі, верылі і любілі Яго больш за ўсё, і Ён сам стаў для іх узнагародай. Ён Сам — Бясконцы, Любячы, Святы.

Чуючы слова «святасць», многія людзі ўсміхаюцца і кажуць: гэта не для мяне, гэта мяне не цікавіць. Людзі хочуць быць свабоднымі, свабоднымі нават ад Бога. Яны хочуць паспрабаваць усе смакі жыцця. Яны хочуць валодаць усім, што прапануае сучасны свет. Яны хочуць быць адзінымі гаспадарамі свайго жыцця. Аднак хочацца далікатна спытаць: якая карысць ад усёй гэтай маёмасці, вялікіх ведаў, калі з-за іх можна страціць самога чалавека, яго душу? Бо насамрэч благаслаўлёнымі з’яўляюцца бедныя, лагодныя, міласэрныя, пакорныя сэрцам — яны шчаслівыя, бо не належаць сабе, належаць не гэтай зямлі, але знаходзяцца ў абдымках любячага Нябеснага Айца.

Любыя браты і сёстры, няхай урачыстасць Усіх Святых стане для нас магчымасцю аднавіць нашу веру ва Уваскрасенне Хрыста і нашае ўваскрашэнне.

Усіх вас благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця