З мэтай прыцягнуць увагу грамадства да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі 27 кастрычніка ў Глыбокім ужо ў сёмы раз прайшла дабрачынная акцыя «Мы разам», арганізаваная дабрачынным каталіцкім таварыствам Caritas Віцебскай дыяцэзіі і глыбоцкай парафіяй Найсвяцейшай Тройцы пры падтрымцы спонсараў і валанцёраў.
У акцыі ўзялі ўдзел людзі з абмежаванымі магчымасцямі, іх апекуны і прадстаўнікі сацыяльных цэнтраў як з Глыбокага, так і з усёй Віцебскай дыяцэзіі.
Удзельнікі дабрачыннага мерапрыемства напачатку сабраліся ў касцёле, дзе іх прывітаў пробашч глыбоцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы кс. Мікалай Ціхановіч.
Святар заклікаў усіх, незалежна ад канфесіі і веравызнання, разам прачытаць малітву за спонсараў і валанцёраў, дзякуючы якім стала магчымым правядзенне акцыі «Мы разам».
Пасля малітвы ўдзельнікі скіраваліся ў Дом культуры, дзе прайшла асноўная частка праграмы.
Радасную атмасферу свята стварылі гульні і танцы, пасля якіх удзельнікаў чакаў смачны пачастунак. Пакуль валанцёры і госці весяліліся, святары і прадстаўнікі сацыяльных цэнтраў правялі круглы стол, за якім абмеркавалі праблемы людзей з абмежаванымі магчымасцямі і стаўленне да іх з боку грамадства і ўладаў.
«Я пераканаўся, наколькі яшчэ наша грамадства не ўсведамляе важнасці прыняцця ў соцыюм людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Гэта відавочна. На вуліцах нашых гарадоў мы мала бачым нашых інвалідаў, часамі здаецца, што ў нас няма такіх людзей у краіне, што такіх людзей адзінкі. А на самой справе гэта немалы адсотак людзей», — падзяліўся сваімі думкамі кс. пробашч Мікалай Ціхановіч.
На думку пробашча глыбоцкай парафіі, правядзенне падобных акцый прыносіць карысць як чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі, так і самому грамадству. Святар лічыць, што для вырашэння гэтых праблем перадусім трэба пазбавіцца ад перажыткаў савецкай сістэмы, якая не лічылася з надзённымі патрэбамі людзей, асабліва тых, якія па стане здароўя не маглі прыносіць эканамічнай карысці.
«Дзяржава павінна служыць чалавеку, а не наадварот. І трэба яшчэ шмат часу, каб мы гэта ўсвядомілі.
Пакуль мы не дойдзем да хрысціянскай свядомасці, што чалавек — гэта асоба якая мае свае правы, сваю волю, сваю годнасць, гэта не зменіцца», — адзначыў кс. Мікалай, дадаўшы, што Касцёл і яго структуры, у тым ліку і дзякуючы падобным акцыям, імкнуцца да таго, каб гэтыя змены адбыліся як мага хутчэй.
Дырэктар ДКТ Caritas Віцебскай дыяцэзіі кс. Андрэй Аніскевіч са свайго боку дадаў:
«Такія мерапрыемствы даюць цяпло ў адносінах паміж людзьмі; цяпло, што сыходзіць ад чалавека; цяпло, якое перамагае, якое сыходзіць ад нашых сэрцаў.
І на такіх мерапрыемствах мы павінны вучыцца дабрыні ад тых людзей, што сёння тут прысутнічаюць».
Завяршылася мерапрыемства канцэртам самадзейнасці, падрыхтаваным таленавітымі людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, пасля якога ўдзельнікі атрымалі ў падарунак каляндар на 2019 год, прысвечаны 20-гадоваму юбілею Віцебскай дыяцэзіі.