20 кастрычніка ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) прайшло адкрыццё новага навучальнага года на «Міждыяцэзіяльных курсах сямейнага жыцця».
З гэтай нагоды адбылася ўрачыстая святая Імша. У гаміліі сакратар Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі а. Пётр Фраштэнга OCD звярнуўся да прысутных з пытаннем: «Што значыць вызнаваць Езуса Хрыста?»
Пасля святой Імшы студэнты праслухалі інаўгурацыйны даклад а. Пятра Фраштэнга OCD на тэму «Вучэнне Касцёла адносна працы і святкавання нядзелі ў сям’і».
Выступоўца ўзгадаў, што на гэту тэму кажуць дакументы Каталіцкага Касцёла і як гэта выглядае ў жыцці. Святар адзначыў, што Касцёл заўжды праяўляў клопат і надалей клапоціцца пра чалавека:
«Як святкаванне, так і праца даюць магчымасць існаваць хрысціянскім сем’ям у грамадстве. Наконт нядзелі ўзнікае мноства пытанняў, што ж усё-такі можна рабіць, а што нельга».
Святар прыгадаў і навучанне св. Яна Паўла II, якi ў сваiх дакументах надаваў шмат увагі гэтаму пытанню. «Не бойцеся ахвяраваць свой час для Хрыста», — казаў святы. У гэтых словах Пантыфік заклікае, «каб супакой і радасць Уваскрослага Пана праяўлялася ў звычайных здарэннях жыцця».
«На практыцы гэты заклік рэалізуецца праз малітву, чытанне Святога Пісання і духоўнай літаратуры, сумесны адпачынак у сям’і, — усё тое, што ўмацоўвае нас у веры, надзеі і любові», — адзначыў а. Пётр.
Святар падкрэсліў, што «святкаванне нядзелі, якую называюць „Пасхай тыдня“, з’яўляецца не проста ўспамінам факта ўваскрасення Езуса, але і „святкаваннем жывой прысутнасці Уваскрослага сярод вернікаў“ (Dies Domini 31)».
«Эўхарыстыя з’яўляецца сэрцам нядзелі, — падкрэсліў дакладчык. — Кожная супольнасць, якая збірае сваіх членаў на ламанні хлеба, усведамляе, што яна з’яўляецца месцам, дзе выразна выяўляецца таямніца Касцёла».
Пасля дакладу прысутныя змаглі задаць а. Пятру Фраштэнгу OCD пытанні на тэму святкавання нядзелі.
— Прынята, што ў нядзелю нельга шыць, вязаць. Для некаторых, напрыклад, вязанне — гэта адпачынак. Ці можна займацца такога роду адпачынкам у нядзелю ці ўсё ж такі гэта грэх?
а. Пётр:
— Тут варта звярнуць увагу не столькі на само дзеянне, колькі на яго мэту, ад якой і будзе залежаць наяўнасць граху. Напрыклад, вязаць для продажу — грэх.
— Ці можна хадзіць на рынак і ў басейн у нядзелю?
а. Пётр:
— Шопінг, наведванне разнастайных месцаў не з’яўляецца працай, але варта памятаць пра тое, што, наведваючы такія месцы, мы карыстаемся працай іншых людзей — таксама хрысціян.
Праблема ў тым, што гэтыя хрысціяне працуюць толькі таму, што іх браты і сёстры найчасцей наведваюць гэтыя месцы (рынкі, кафэ і г.д.) менавіта ў нядзелю, а, як вядома, сфера абслугоўвання жыве на падставе прынцыпу: попыт нараджае прапанову. Таму наведванне вышэйзгаданых месцаў з’яўляецца саўдзелам у граху і схіленнем да яго.
— Ці можна прасаваць, карыстацца пральнай машынай у нядзелю?
а. Пётр:
— Гэтыя пытанні адносяць нас да звычыйнай разважлівасці, калі мы загадзя плануем свае дзеянні. Таму такая праца, якую можам зрабіць у іншы час, але пакідаем на нядзелю, будзе грахом — занядбаннем.
Усё залежыць ад таго, як тое ці іншае дзеянне ўплывае на нашыя адносіны з Богам. Належыць устрымлівацца ад той працы і заняткаў, якія перашкаджаюць адпраўленню культу Бога і належнаму духоўнаму і цялеснаму адпачынку. Варта памятаць, што кожная сітуацыя індывідуальная.
Даведка:
«Міждыяцэзіяльныя курсы сямейнага жыцця» ў Гродне былі заснаваны дэкрэтам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў 2009 г. Непасрэдную адказнасць за іх нясе Рада па справах сям’і пры ККББ.