Пошук

18.10.2018 08:30   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / grodnensis.by / Catholic.by

14 кастрычніка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падчас кананічнай візітацыі Слонімскага дэканату наведаў касцёл XVIIІ ст. пад тытулам св. апосталаў Пятра і Паўла ў Новадзявяткавічах.

Іерарх сустрэўся з мясцовымі актывістамі, якія пазнаёмілі яго з гісторыяй аграгарадка і святыні, якой патрэбны капітальны рамонт.

Прыемна ўражвае, што пра касцёл клапоцяцца не толькі католікі, але і праваслаўныя, і проста людзі добрай волі, якія жадаюць супольнымі намаганнямі ўратаваць святыню ад разбурэння.

Mясцовы гісторык Таццяна Ракуць пазнаёміла біскупа Кашкевіча з гісторыяй касцёла, пабудаванага ў 1786 г. Яго галоўным фундатарам быў граф Тадэвуш Слізень, пра што сведчыць надпіс на камені ў апсідзе касцёла. Сафія Чацвярцінская-Слізень таксама ўнесла немалыя сродкі на будаўніцтва святыні. Дата завяршэння будаўніцтва захавалася на камені каля званіцы: «Сафія Чацв. Падкаморніца Слонімская, 1790 г.»

Палац графаў Слізняў і касцёл св. апосталаў Пятра і Паўла, пабудаваныя ў барочна-класічным стылі (т.зв. «станіславаўскі класіцызм»), уяўлялі сабой цудоўны палацава-паркавы комплекс, які злучала ліпавая алея.

На працягу сваёй гісторыі святыня зведала нямала выпрабаванняў. Падчас паўстання 1863–1864 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага валадар Дзявятковічаў граф Альфрэд Слізень працаваў у Міністэрстве замежных спраў Расіі ў Пецярбургу, а яго даверанай асобай у маёнтку быў кс. Васілеўскі, які падтрымліваў паўстанцаў. Гэта стала адной з прычын канфіскацыі касцёла і яго наступнай перабудовы ў праваслаўную царкву.

У 1867 г. маёмасць касцёла была часткова перададзена ў ружанскі і косаўскі касцёлы. Сёння ў ружанскай святыні захоўваецца купель, падораная касцёлу Сафіяй Чацвярцінскай-Слізень, і дэкараваны разьбой табэрнакулюм. 14 абразоў з касцёла ў Новадзявяткавічах, якія сёння таксама знаходзяцца ў Ружанах, адлюстроўваюць самыя трагічныя моманты зямнога жыцця Хрыста.

Пасля закрыцця касцёла цудатворны абраз Маці Божай Пясковай, які быў у святыні, перадалі ў царкву ў в. Старадзявяткавічы. У 1795 г. гэты абраз быў каранаваны. Сёння карона абраза знаходзіцца ў прыватным музеі слонімскіх калекцыянераў Анішчыкаў. Падчас расчысткі касцёла ад смецця ў 1993 г. яна была вывезена ў кар’ер. Аднак рэліквія была выпадкова знойдзена тымі, хто шукае сабе ўтрымання на сметніках, і ад іх трапіла ў прыватную калекцыю.

Найбольш трагічным часам для касцёла стала савецкая эпоха.

У 1939 г. святыня была зачынена, а ў ліпені 1944 г. будынак падпалілі. Пажар знішчыў у касцёле ўсе драўляныя канструкцыі.

У 1950 г. святыня была ператворана ў склад для захоўвання мінеральных угнаенняў. Каштоўны помнік архітэктуры з багатым гістарычным мінулым прыйшоў у поўны заняпад. Нават каменная агароджа была разабрана для будаўніцтва фундаменту фермы.

У 1990 г. святыня была перададзена мясцовай каталіцкай парафіі. У аднаўленні шматпакутнага касцёла прымалі ўдзел як католікі, так і праваслаўныя.

Актыўна ўдзельнічаў у гэтай справе а. Вітальд Жэльветра OFMcap.

Сёння ў касцёле жыхары аграгарадка, пілігрымы і турысты зноў маюць магчымасць адчуць прысутнасць Бога і дакрануцца да гісторыі, якая жыве ў старажытных мурах святыні.

Абноўлена 18.10.2018 10:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця