Пошук


16 кастрычніка ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне прайшла пастырская сустрэча біскупа Віцебскага Алега Буткевіча са святарамі і кансэкраванымі асобамі Віцебскай дыяцэзіі.

Сустрэча пачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Манахіні правялі адарацыю ў кантэксце месяца кастрычніка, прысвечанага малітве Ружанца.

На пачатку Імшы біскуп Алег Буткевіч нагадаў, што ў гэты дзень адзначаецца 40-я гадавіна абрання Папам св. Яна Паўла ІІ, і пажадаў, каб яго заступніцтва спадарожнічала ўдзельнікам сустрэчы.


Гамілію прамовіў кс. Вячаслаў Адамовіч з Дзісны. Святар паразважаў над урыўкам з Евангелля (Лк 11, 37-41), у якім апавядаецца, як Езус прыйшоў да фарысея на абед і не абмыў рук. Па словах святара, абурэнне фарысея выклікала незахаванне закону, які ён ведаў з маленства і паводле якога жыў. За пэўны час у яго стварылася, як адзначыў кс. Адамовіч, фарысейская ментальнасць — абмежаванасць, немагчымасць адкрыцца на новае. Выхад за гэтыя рамкі быў праблематычным. Так, дадаў кс. Вячаслаў, бывае і ў жыцці святара, калі святарскі спосаб мыслення часам абмяжоўвае і не дае развівацца.

Ксёндз Адамовіч узгадаў свой час вучобы на шостым курсе семінарыі. Выкладчык тэарэтычнай часткі «Спавядніцтва» кс. Брыль сказаў на першым занятку: «Для вас, дыяканаў, шосты курс і першы год святарства — вельмі важны перыяд. Вы павінны зрабіць пераход ад ментальнасці студэнта да ментальнасці душпастыра. Не ментальнасці святара, але душпастыра, які дзейнічае для збаўлення душы».


Ксёндз Вячаслаў дадаў, што «мы любім сябе ў святарстве, а павінны любіць святарства ў сабе», што і пажадаў на заканчэнне гаміліі.

Канферэнцыю пасля Імшы прамовіў духоўны айцец дыяцэзіі кс. Станіслаў Памыкала SJ. Ён распачаў цыкл прамоў, якія будуць адбывацца на кожнай такой сустрэчы. Тэма гэтых канферэнцый — уводзіны, або пасвячэнне, у святарства.

Затым канцлер кс. Віктар Місевіч і іншыя святары прадставілі аб’явы пра запланаваныя на бліжэйшы час мерапрыемствы.

 

 

Абноўлена 17.10.2018 17:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця