Пошук

17.10.2018 07:00   Тэкст: кс. Францішак Рудзь / Фота: nlb.by / Catholic.by

16 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў межах мерапрыемстваў міжнароднага выставачнага праекта «Беларусь і Біблія» адбылося пасяджэнне міжнароднага навуковага круглага стала «Сучасныя біблейскія даследаванні».

Арганізатарамі выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Група даследавання рукапісаў (ЗША), міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла», кафедра біблеістыкі і хрысціянскага веравучэння Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і кафедра біблеістыкі Мінскай духоўнай акадэміі імя свяціцеля Кірылы Тураўскага.

Удзельнікамі пасяджэння былі і прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ксёндз канонік Ян Крэміс і ксёндз канонік Францішак Рудзь.

Найбольшы ўплыў на вернікаў і на культуру ўсяго чалавецтва аказала і аказвае Біблія. Хоць кнігу кніг пісалі больш чым 40 аўтараў на працягу больш чым дзвюх тысяч гадоў, яе дакладнасць і актуальнасць у наш час застаецца нязменнай.

Біблія — адзіная аб’ектыўная крыніца ўсіх аб'яўленняў, дадзеных Богам пра Сябе і пра Яго планы для чалавецтва.

Таму і ў сучасным свеце яна з’яўляецца прадметам даследаванняў, якія атрымалі назву біблейскай герменеўтыкі. У ёй самым дыскусійным пытаннем застаецца правільнасць перакладу тэкстаў Бібліі.

З праблемамі перакладу Бібліі хрысціянства сутыкнулася з самага пачатку свайго існавання. Гэты працэс нарадзіў складаныя пытанні. Як правільна разумець біблейскія тэксты?

Наколькі трэба прытрымлівацца агульнапрынятых інтэрпрэтацый? Як выбраць з мноства значэнняў тэксту найбольш адпаведнае? Любы пераклад сам па сабе ўжо з’яўляецца інтэрпрэтацыяй, паколькі перакладчык уносіць у тэкст сваё ўласнае разуменне. Ён можа перакласці толькі тое, што разумее сам.

У заходняй традыцыі выкарыстоўвалася лацінская мова. Першым перакладам Бібліі на лацінскую мову прынята называць Itala або Vetus Latina.

Старазапаветная частка гэтых перакладаў рабілася з грэчаскай мовы. У канцы IV – пачатку V стагоддзяў новы пераклад Бібліі на лацінскую мову, названы Vulgata, быў зроблены святым Геранімам. Стары Запавет быў перакладзены ім непасрэдна са старажытнагабрэйскай мовы.

На момант стварэння Вульгаты класічная лаціна ўжо не была размоўнай мовай, што выклікала вялікія цяжкасці ў чытанні і разуменні простымі вернікамі святых тэкстаў.

Таму на працягу стагоддзяў пераклад Бібліі на нацыянальныя мовы хрысціянскіх народаў і яго правільнасць не губляюць сваёй актуальнасці.

Разважаючы пра ўнікальнасць Бібліі, мы не павінны забывацца пра тое, што разуменне любога тэксту, рэлігійнага ці свецкага, сучаснага або старажытнага, — далёка не простая справа. Чытанне і інтэрпрэтацыя любой кнігі — складаны і тонкі працэс.

Цягам стагоддзяў змяніліся мовы ўсіх народаў хрысціянскага свету. Біблія не была напісана ні на адной сучаснай для сённяшняга чытача мове, у звыклай нам манеры.

Таму інтэрпрэтацыя Бібліі залежыць ад асабістага разумення кожным чытачом таго, што напісана іншым. Чытанне і інтэрпрэтацыя Бібліі як пісьмовай крыніцы адлюстроўвае сілу веры і вопыт пакаленняў, уключае ў сябе разуменне, тлумачэнне і прыняцце розумам і сэрцам яе тэкстаў.

Разуменне Бібліі, як і любой іншай кнігі, перш за ўсё мае на ўвазе разуменне значэння слоў, якімі яна напісана. Дзеля гэтага існуе неабходнасць у веданні біблейскіх моў (старажытнагабрэйскай, арамейскай, грэчаскай) або выкарыстанне добрага перакладу. Акрамя таго, сучаснаму хрысціяніну неабходныя каментары і тлумачэнні.

Гэтая праблема стаяла і перад навукоўцамі-тэолагамі, якія займаліся перакладам біблейскіх тэкстаў на беларускую мову. Вынікі карпатлівай працы відавочныя. Гэта новыя выданні, прадстаўленыя сёння на выставе «Беларусь і Біблія».

У ходзе работы круглага стала адбылася прэзентацыя зборніка дакладаў V Міжнароднага ўсходнееўрапейскага сімпозіума даследчыкаў Новага Запавету (SNTS) «Евангельский образ Господа Иисуса Христа в церковной традиции и библейской науке», які выйшаў у жніўні 2018 года ў выдавецтве Белдзяржуніверсітэта ў рамках сумеснай праграмы «Тэалогія ва ўніверсітэтах».

Абноўлена 17.10.2018 12:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.