Пошук

16.10.2018 10:32   Catholic.by

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB прыгадаў сваю першую сустрэчу з папам Янам Паўлам ІІ, 40-ю гадавіну абрання якога на пасад св. Пятра адзначылі 14 кастрычніка ў архікатэдры.

Паводле прызнання іерарха, яго дзяцінства, маладосць і гады вучобы ў салезіянскай семінарыі, універсітэце, як і першыя пяць гадоў святарства, прайшлі падчас пантыфікату святога Яна Паўла ІІ.

«Пасля сярэдняй школы, у жніўні 1991 года, я распачаў у Польшчы навіцыят у салезіянскай супольнасці. Калі неўзабаве магістр праінфармаваў, што ўвесь мой курс прыме ўдзел у Сусветных днях моладзі ў Чэнстахове, на якія павінен быў прыбыць і папа Ян Павел ІІ, маёй радасці не было межаў.

Менавіта ў Чэнстахове я ўпершыню пабачыў Папу, прымаючы ўдзел у СДМ. Ужо пазней, будучы семінарыстам і дыяканам, я неаднаразова прыслугоўваў на святой Імшы, якую цэлебраваў Пантыфік.

За некалькі месяцаў да яго смерці, у 2005 годзе, я меў магчымасць апошні раз пацалаваць яго руку, прыняць у дар ружанец і пачуць Szczęść Boże, з цяжкасцю вымаўленыя Святым Айцом пасля таго, як ён пачуў, хто я і адкуль.

Святы Ян Павел ІІ аднойчы казаў, што „святыя патрабуюць ад нас не апладысментаў, а наследавання”. Жыць Богам і верай кожны дзень, абуджаць веру і ставіць Бога на першае месца, будучы чалавекам малітвы, — усё гэта вельмі яскрава апісвае жыццё Яна Паўла ІІ.

У гэтым асабіста для сябе, а таксама для вернікаў, я бачу неабходнасць наследаваць святога Яна Паўла ІІ», — заключыў іерарх.

Абноўлена 16.10.2018 11:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.