Пошук

15.10.2018 14:26   кс. Аляксандр Грыцкевіч / Catholic.by

У Дзень маці, 14 кастрычніка, у парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Верхнядзвінску вернікі сабраліся на нядзельную святую Імшу, каб памаліцца за сваіх матуль і падзякаваць Богу за дар мацярынства. Адметнасцю гэтай Эўхарыстыі стала тое, што ў святой Імшы разам з парафіянамі ўдзельнічала каардынатар руху «Маці ў малітве» ў Беларусі Людміла Губіна.

Рух «Маці ў малітве» ўзнік у Англіі ў 1995 годзе і дзякуючы сваёй папулярнасці сярод хрысціянаў хутка распаўсюдзіўся па ўсім свеце. На Беларусі таксама з кожным годам узрастае колькасць парафій, у якіх маці супольна моляцца за сваіх дзяцей. Бо кожная парафія — гэта сям’я, а ўсе хрысціянскія сем’і аб’ядноўвае адзіная Маці — Найсвяцейшая Панна Марыя. Менавіта праз рукі Багародзіцы малітвы ўзносяцца да нябеснага алтара.

Пасля Імшы Людміла Губіна распавяла пра дзейнасць руху «Маці ў малітве», падзялілася сведчаннем уласнага жыцця і заахвоціла стварыць супольнасць гэтага руху таксама ў верхнядзвінскай парафіі. Такое малітоўнае аб’яднанне будзе добрай падтрымкай для жанчын, якія імкнуцца ствараць хрысціянскія сем’і і выхоўваць дзяцей на высокіх маральных каштоўнасцях. Акрамя таго, сумесная малітва і духоўная падтрымка будуць дапамогай для тых маці, якія перажываюць цяжкія жыццёвыя сітуацыі.

Няхай праз заступніцтва Найсвяцейшай Багародзіцы рух «Маці ў малітве» і далей развіваецца сярод хрысціянскіх маці ў нашай Бацькаўшчыне, а верхнядзвінская парафія, якая ўрачыста далучылася да гэтага аб’яднання, будзе падтрымліваць і развіваць добрыя традыцыі гэтай супольнасці.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа