Пошук

12.10.2018 21:17   nlb.by / Эла Дзвінская / Фота: nlb.by, Эла Дзвінская

12 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся міжнародны навуковы круглы стол «Беларускія пераклады Бібліі: гісторыя і сучаснасць».

Па даручэнні старшыні беларускага епіскапату арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча Каталіцкі Касцёл у Беларусі на пасяджэнні прадставілі старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ кс. канонік Ян Крэміс, супрацоўніца Секцыі Марына Пашук і кс. канонік Францішак Рудзь.

Мерапрыемства было арганізавана ў межах выставачнага праекта «Беларусь і Біблія» Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Групай даследавання рукапісаў (ЗША) і Беларускім дзяржаўным універсітэтам.

Праблемнае поле круглага стала:

  • гісторыя перакладаў Бібліі на беларускую мову;
  • хрысціянскія канфесіі Беларусі і беларускія пераклады Бібліі;
  • пераклады і перакладчыкі;
  • сучасны стан і перспектывы беларускіх біблійных перакладаў.

Круглы стол быў праведзены ў фармаце дыскусіі экспертаў, якія не толькі абмяняліся думкамі, абмеркавалі праблемы і горача спрачаліся, але таксама паспрабавалі супольна шукаць адказы на агучаныя пытанні і рашэнні пазначаных праблем.

З паведамленнямі выступілі:

Скот Кэрал — доктар (PhD), кіраўнік Групы даследавання рукапісаў, даследчык старажытных манускрыптаў.

Аляксандр Суша — кандыдат культуралогіі, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Анатоль Сцебурака — кандыдат гістарычных навук, загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Іван Чарота — доктар філалагічных навук, прафесар, член аўтарскага калектыву па перакладзе кніг Бібліі на беларускую мову, перакладчык шматлікіх рэлігійных тэкстаў з сербскай мовы на беларускую.

Мікалай Прыгодзіч — доктар філалагічных навук, прафесар, член аўтарскага калектыву па перакладзе Псалтыра на беларускую мову.

Галіна Сініла — кандыдат філалагічных навук, дацэнт, прафесар кафедры культуралогіі факультэта сацыякультурных камунікацый, дацэнт кафедры замежнай літаратуры. Германіст, гебраіст, біблеіст.

Алена Барысевіч — старшы выкладчык кафедры культуралогіі Факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ, перакладчык з іўрыту і на іўрыт з правам натарыяльнага подпісу.

Ірына Будзько — кандыдат філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Ірына Дубянецкая — доктар сакральнай тэалогіі, біблеіст.

Марына Пашук — доктар біблійнай тэалогіі, супрацоўнік Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Ксёндз канонік Ян Крэміс — доктар тэалогіі, старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Сяргей Паднюк — доктар філасофіі, рэктар Тэалагічнага інстытута Аб'яднанай Царквы хрысціян веры евангельскай, намеснік епіскапа Аб’яднанай Царквы хрысціян веры евангельскай Беларусі.

Антоній Бокун — пастар Царквы хрысціян веры евангельскай «Ян Прадвеснік», перакладчык Бібліі на беларускую мову.

Біблію па праву можна назваць самай знакамітай кнігай усіх часоў і народаў. Яе даследаваў, чытаў ці чуў пра яе практычна кожны чалавек на зямлі.

Даследаваннем і перакладамі Бібліі займаюцца прыхільнікі розных філасофскіх поглядаў і прадстаўнікі нават нехрысціянскіх веравызнанняў. Ёй прысвячаюць дысертацыі, выставы і песні. Тэксты Бібліі перапісваюць і перавыдаюць з пакалення ў пакаленне. Гэтая кніга ёсць у хатніх бібліятэках вернікаў і ў грамадскіх бібліятэках у любой краіне свету. Беларусь не стала выключэннем.

Пра гісторыю перакладу Бібліі на беларускую мову, здзейсненага Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла, распавяла ў сваім дакладзе доктар біблійнай тэалогіі Марына Пашук. Супрацоўніца Секцыі заўважыла шматразовыя спробы перакладу Бібліі, якія рабіліся з канца XVI ст., што пацвярджае духоўную патрэбу ў ёй беларускага народа. Выставачны праект «Беларусь і Біблія», лекцыі і круглыя сталы, якія праводзяцца ў яго межах, сталі яшчэ адным пацвярджэннем нязгаснай цікавасці да Бібліі і яе ўсеагульнага прызнання.

Пасяджэнне круглага стала выклікала вялікую цікавасць і гарачую дыскусію ў зале. Яе ўдзельнікі стараліся адказаць на галоўныя пытанні: у чым жа феномен папулярнасці Бібліі? Чаму ў стагоддзе сучасных тэхналогій, спакусаў і магчымасцяў мы ўсё роўна вяртаемся і звяртаемся да Бібліі? Чаму для хрысціян розных нацыянальнасцяў справа гонару і павагі перакласці Біблію на родную мову? На сённяшні дзень Біблія перакладзена на 3223 сучасныя мовы.

«Адказ просты! — заўважыў доктар тэалогіі кс. Ян Крэміс. — Біблія — гэта мудрасць папярэдніх пакаленняў. Гэта падтрымка продкамі нашай будучыні. Гэта кніга веры, якая ўсяляе надзею ў заўтрашні дзень і дапамагае размове з Богам».

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша распавёў пра шматлікія плённыя навуковыя мерапрыемствы, лекцыі і ініцыятывы, якія суправаджаюць дзейнасць выставы «Беларусь і Біблія» і прыцягваюць вялікую колькасць наведвальнікаў.

Доктар філагагічных навук, прафесар Іван Чарота адзначыў, што пераклады Бібліі маюць аб’ектыўную запатрабаванасць у кожную канкрэтную эпоху. Гэта традыцыя, якая ахоплівае гісторыю, культуру і богаслужэнне. Сёння на Беларусі існуюць 18 перакладаў Новага Запавету. Выступоўцы адзначылі факт існавання перакладаў, якія маюць літургічны ўжытак, і тэкстаў, якімі людзі карыстаюцца ў паўсядзённым жыцці.

Кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры замежнай літаратуры БДУ Галіна Сініла выказала пажаданне, каб чытачы адчувалі эмацыйную ўзнёсласць, прысутную біблійнаму тэксту, і ўсёй душой успрымалі паэтычнае хараство Кнігі кніг. 9 кастрычніка Галіна Сініла выступіла з адкрытай лекцыяй, прысвечанай сучаснаму беларускаму перакладу «Песні Песняў», і яе выступленне мела шырокі рэзананс сярод студэнтаў і выкладчыкаў БДУ. «Біблія — жывая кніга, якая моцна ўздзейнічае і фармуе чытачоў», — сказала дацэнт кафедры замежнай літаратуры БДУ.

Доктар філалагічных навук, прафесар Мікалай Прыгодзіч, загадчык кафедры беларускай мовы БДУ, выказаў пажаданне, каб паступова была выпрацавана адзіная платформа для перакладу тэкстаў Святога Пісання, бо для выкладання студэнтам важная адзіная форма ўжытку рэлігійнай тэрміналогіі.

У якасці супрацьлеглай думкі доктар сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая падзялілася сваім досведам. У 2010 годзе яна ўжо рабіла спробу сабраць перакладчыкаў Бібліі розных канфесій у Цэнтры святога Язэпа з мэтай уніфікавання перакладу. Ірына Дубянецкая лічыць, што прыйсці да адзінага падыходу перакладу немагчыма і ўласцівая Беларусі разнастайнасць з’яўляецца традыцыйнай і служыць на карысць. «Кожны перакладчык Бібліі ХХ стагоддзя — герой», — адзначыла яна.

 

Рэктар Тэалагічнага інстытута Аб'яднанай Царквы хрысціян веры евангельскай Сяргей Паднюк падкрэсліў важнасць выкарыстання роднай мовы падчас набажэнстваў.

Удзельнікі круглага стала прыйшлі да высновы, што дзяржава альбо штучна створаная вышэйшая інстытуцыя не можа кантраляваць з’яўленне ці ўніфікаваць тэксты перакладаў Бібліі, як немагчыма кантраляваць стварэнне перакладаў твораў Шэкспіра ці іншых выдатных шэдэўраў сусветнай літаратуры.

Аўтарытэтны госць круглага стала доктар Скот Кэрал на падсумаванне параіў усім прысутным з пакорай вывучаць Біблію далей, перакінуць масты паміж выспамі розных канфесій і супольна працаваць над сучаснымі перакладамі Святога Пісання, а таксама рыхтаваць новае пакаленне спецыялістаў, якія б валодалі першакрыніцамі (іўрытам, грэчаскай і лацінскай мовамі).

Абноўлена 19.10.2018 14:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа