Студыя малявання для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця адкрылася ў хрысціянскім сацыяльным цэнтры дзяцей і моладзі ў патрэбе ў Мінску. Кіруе студыяй мастачка Надзея Бука.
«Мастацтва можа ўплываць на эмацыянальнае і псіхічнае развіццё дзіцяці, — падкрэслівае Надзея. — Нездарма ў псіхалогіі кажуць пра арт-тэрапію.
Калі дзеці малююць, яны развіваюцца. Навукоўцы рабілі шмат даследаванняў на гэту тэму, ды і па твары дзіцяці я бачу сама, што пасля заняткаў у іх зусім іншы настрой».
Навучанне ў студыі бясплатнае. Галоўная ўмова — магчымасць самім трымаць аловак і пэндзаль.
Як адзначае Надзея, для заняткаў неабавязкова мець мастацкую адукацыю, галоўнае — жаданне маляваць: «Я вучу маляваць з нуля, галоўнае — ваша жаданне. Калі яно ёсць, то і маляваць вы навучыцеся. Бог дапаможа».
Пакуль у студыі займаюцца толькі дзве навучэнкі — Сафія Празднова і Таццяна Іванова. Вось што пра студыю малявання расказваюць яны.
«Я хачу паступіць у мастацкі каледж, таму вельмі хачу засвоіць прафесійную базу, — прызнаецца Сафія. — Студыя — якраз тое месца, дзе я магу гэтаму навучыцца. Малюю з дзяцінства, але хачу навучыцца і больш сур’ёзным рэчам у мастацтве».
«У мяне пакуль не вельмі атрымліваецца маляваць, але веру, што атрымаецца, — прызнаецца Таццяна. — Пан Бог у кожным з нас заклаў талент, рана ці позна ён праб’ецца.
Трэба верыць і не баяцца. Памятаеце, як у прыпавесці пра 10 талантаў? Нельга нічога не рабіць, трэба дзейнічаць, таму што жыць — гэта Божы падарунак».
Паводле слоў кіраўніка мастацкай студыі Надзеі Бука, яна заўсёды марыла, каб яе служэнне прыносіла карысць людзям.
«Я лічу, што гэта мая місія. Буду вельмі ўдзячная Богу, калі такіх дзетак на маіх занятках будзе больш і праз арт-тэрапію яны змогуць нейкім чынам аздараўляцца».
«Бог, магчыма, штосьці не дадае такім дзеткам, але ўзамен Ён дае ім значна больш, — упэўнена Надзея. — Калі я глядзела малюнкі маёй вучаніцы Сафіі, то сапраўды дзівілася: адкуль у яе такое багатае адчуванне колеру? Нават у мяне такога няма.
Гэта яе дар ад Бога. Нядаўна мы пачалі разбіраць асновы акадэмічнага малюнка. Гэта такая матэматыка для мастака: святло, цень, паўцень. Сёння будзем вывучаць графіку.
Таццяна на мінулым уроку працавала ў стылі экспрэсіянізму. У яе вельмі добра атрымалася!»
Тым, хто хацеў бы далучыцца да заняткаў у студыі малявання або прывезці сюды сваіх дзяцей-вазочнікаў, трэба патэлефанаваць і запісацца.
Тэлефоны: Людміла Шыбека +375 33 612 64 18.