Пошук

03.10.2018 16:26   Э. Дзвінская / Catholic.by
На фота: навуковец дэманструе экспанаты кс. Сяргею Бараўнёву і групе школьнікаў

У межах дзейнасці міжнароднай выставы «Беларусь і Біблія» прадстаўнік «Групы доследу рукапісаў» аўтарытэтны археолаг і гісторык доктар Скот Кэрал выступіў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі з лекцыяй, у якой распавёў шмат цікавых фактаў з біблейскай гісторыі.

Нягледзячы на стомленасць, навуковец штодня знаходзіцца на выставе, дзе расапавядае наведвальнікам пра гісторыю старажытных манускрыптаў, нікому не адмаўляе ў захапляльнай экскурсіі і дае патрымаць у руках скруткі Торы, якім... 3000 гадоў!

У сваёй лекцыі доктар Скот Кэрал прадэманстраваў на экране і пракаментаваў шэраг сусветных помнікаў, якія з’яўляюцца крыніцамі для вывучэння гісторыі Бібліі і пацвярджаюць яе праўдзівасць.

Уплывовы навуковец распавёў пра археалагічныя крыніцы, манументы і рукапісы, у якіх захоўваецца інфармацыя, ідэнтычная апісаным у Бібліі падзеям. Доктар Кэрал прывёў шэраг важных фактаў, якія гавораць пра дакладнасць Святога Пісання і рэальнаць гістарычных падзей. Ён дазволіў прасачыць цесную сувязь паміж гісторыяй старажытнага свету, археалогіяй і літаратурай.

Гаворачы пра раскопкі, навуковец распавёў і пра гарады, якія ўзгадваліся ў Старым і Новым Запаветах. Між іншым, ён назваў Ур, Гесэм (Гашэн), Ерыхон і Ерузалем, Ніневію і Самарыю, Лахіш і Вавілон, Карынт і Эфес. Археолагі даследавалі гэтыя мясцовасці.

Калі ў Ерузалеме знайшлі палац караля Давіда, здзіўлены ізраільскі археолаг спытаўся, адкуль яго калегі ведалі, дзе трэба капаць? Спецыяліст, якая праводзіла пошукі, сказала, што яна ішла за ўказаннямі з Бібліі.

На месцы горада Ніневія была знойдзена старажытная каралеўская бібліятэка. У ёй знайшлі Кодэкс Хамурапі і эпас пра Гільгамеша, які распавядае пра патоп. У горадзе Эфесе была знойдзена трэцяя па велічыні бібліятэка ў свеце. Важныя знаходкі былі зробленыя і ў Карынце, а таксама каля манастыра святой Кацярыны і гары Сінай.

Іншымі важнымі крыніцамі інфармацыі з’яўляюцца помнікі, манументы, рэльефы і пячаткі, на якіх захавалася інфармацыя пра каралёў, што ўзгадваюцца ў Святым Пісанні.

«У Старым Запавеце ўзгадваюцца 29 каралёў з 10 народаў, — распавёў доктар Кэрал. — 57 уладароў пералічваюцца ў Старым і Новым Запаветах. Іх імёны засталіся запісанымі на розных мовах на манументах, барэльефах, абялісках, грабніцах адпаведных эпох. Да такіх належаць грабніца караля Осіі, стэла Тэль-Дана, прызма караля Сенахерыба. На адным з рэльефаў запісаны назвы 187 гарадоў, заваяваных фараонам. Захаваліся срэбныя амулеты з раннімі тэкстамі з Пісання, надпіс Понція Пілата на камені, надпіс праконсула Галіёна. Таблічак з Вавілона знойдзена больш за 5 тысяч».

Да трэцяй катэгорыі належаць непасрэдна рукапісы. У пячорах Кумрана былі знойдзены дзясяткі тысяч манускрыптаў. Вялікую каштоўнасць прадстаўляюць сувоі Мёртвага мора. Захавалася 300 фрагментаў з Бібліі, якія датуюцца 250 г. да н.э. – 70 г. н.э.

У Каірскай Генізе (памяшканні, дзе захоўваюцца скруткі Пісання, якія ўжо адслужылі сваю службу) было знойдзена 250 тыс. рукапісаў. Іх вывучалі дзве даследчыцы, сёстры з Кембрыджскага ўніверсітэта.

Непасрэдна сам доктар Скот Кэрал знайшоў у Егіпце ў масцы муміі тэкст на грэчаскай мове, які належыць да 1 кнігі Валадарстваў. Іншай каштоўнай знаходкай стала Пасланне апостала Паўла да Карынцянаў.

«Мы шчыльна супрацоўнічаем з навукоўцамі, якія дапамагаюць нам расшыфроўваць і прачытываць рукапісы», — сказаў доктар Скот Кэрал.

Слухачы шчыра падзякавалі археолагу за ўнікальную інфармацыю, якую ўпершыню пачулі з яго вуснаў.

Выстава ў Нацыянальнай бібліятэцы дзейнічае да 21 кастрычніка.

Абноўлена 03.10.2018 17:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа