29 верасня супольнасць Пінскай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага прыняла ўдзел у парафіяльным фэсце святога Міхала Арханёла ў Мазыры, а таксама наведала парафіі на тэрыторыях, пацярпелых ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
Для семінарыстаў побыт у парафіях Мазырскага дэканату стаў добрай нагодай бліжэй пазнаёміцца з жыццём Касцёла ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне Пінскай дыяцэзіі — самай вялікай па плошчы сярод дыяцэзій Каталіцкага Касцёла на Беларусі.
Кс. Аляксандр Канановіч, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Міхала Арханёла ў Мазыры, нагадаў гасцям, што яны знаходзяцца ў горадзе з багатымі шматвяковымі каталіцкімі традыцыямі. Некаторыя падарожнікі XVII–XVIII ст. нават называлі Мазыр «Усходнім Рымам», бо гэты беларускі горад з ягонымі велічнымі касцёламі на сямі пагорках над крутымі берагамі паўнаводнай Прыпяці нагадваў ім Вечны горад.
Пасля урачыстай св. Імшы і парафіяльнага фэста ў старадаўнім касцёле святога Міхала семінарысты разам з мясцовымі святарамі, моладдзю і скаўтамі мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй каталіцкага Мазыра.
Супольнасць семінарыі спачатку наведала «Даліну Анёлаў». Так у горадзе над Прыпяццю з часоў Сярэднявечча называецца раён, дзе размяшчаецца велічны кляштар манахаў-цыстэрцыянцаў, які ў савецкія часы быў перароблены ў фабрыку, а цяпер пачынае аднаўляцца дзякуючы старанням мясцовай грамадскасці. Акрамя таго, клерыкі пабывалі ў былым касцёле айцоў езуітаў, які цяпер выкарыстоўваецца як праваслаўная царква, а таксама ў мазырскім замку.
30 верасня стаў днём місійных падарожжаў семінарыстаў па парафіях т.зв. «Чарнобыльскай зоны».
Вернікі кожнай наведанай тут парафіі з вялікай радасцю і ўзрушэннем віталі семінарыстаў на супольнай малітве. Асаблівыя ўражанні ў маладых місіянераў пакінула парафія Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі — адным з найбольш забруджаных у выніку аварыі на ЧАЭС у 1986 г. населеных пунктаў Беларусі. Святая Імша ў гэтым паўднёвым мястэчку, размешчаным на мяжы зоны адсялення, стала святам, якое сабрала католікаў з усіх навакольных вёсак і мястэчак.
Семінарысты дзякавалі парафіянам за іх веру і малітву за будучых святароў, а семінарыйны музычны гурт «Подых Духа» выступіў з адмысловым канцэртам. У адказ на выступ клерыкаў старэйшыя парафіянкі з в. Грушаўка выканалі для семінарыстаў пранізлівы старадаўні спеў пра Узвышэнне Крыжа, які ў часы царскіх і савецкіх пераследаў вусна перадаваўся вернікамі з пакалення ў пакаленне.
На заканчэнне супольнасць Пінскай семінарыі выказала словы глыбокай удзячнасці мясцовым вернікам, а таксама святарам — кс. Аляксандру Канановічу, які сам калісьці быў салістам у гурце «Подых Духа», і кс. Юрыю Пракапюку — за іх служэнне, сведчанне ахвяранай любові да Хрыста і Яго Касцёла на землях, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы.