Пошук

03.10.2023 20:20   Тэкст і фота: Ала Шапялевіч / Catholic.by

У старадаўнім касцёле святога Міхала ў Мазыры (Пінская дыяцэзія) 30 верасня адбылася адпустовая ўрачыстасць святога Міхала Арханёла.

Цэлебрацыю святой Імшы ў дзень парафіяльнага свята ўзначаліў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. Гамілію да вернікаў прамовіў ксёндз доктар Юрый Дрозд з Гомеля.

Пробашч мазырскай парафіі ксёндз Юрый Варанко выказаў словы ўдзячнасці прысутным і заахвоціў да супольнай малітвы праз заступніцтва святога Арханёла Міхала.

Напрыканцы Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.

Для ўсіх прысутных была падрыхтавана забаўляльная праграма на прыкасцёльнай тэрыторыі. Дзеці весела правялі час з аніматарамі, а ўсе астатнія госці праслаўлялі Бога хрысціянскімі спевамі і танцамі разам з гуртом з аграгарадка Козінкі Мазырскага раёна.

У першай палове XVIII стагоддзя ў Мазыры распачалі служэнне манахі з ордэна цыстэрцыянцаў. У 1711 годзе тут быў заснаваны мужчынскі кляштар, а пазней, у 1744 годзе, пабудаваны жаночы кляштар, і пры ім узведзены касцёл. Сёстры цыстэрцыянкі неслі служэнне ў Мазыры да 11 кастрычніка 1886 года — моманту закрыцця кляштару. З архіўных дакументаў вынікае, што сёстры рабілі ўсё магчымае, каб захаваць касцёл і кляштар, але безвынікова. Не па сваёй волі манахіні з Мазыра і з іншых мясцін былі вымушаныя пакінуць свае кляштары і пераехаць у іншае месца.

У 1994 годзе комплекс быў вернуты каталіцкім вернікам і адрэстаўраваны. У наш час касцёл святога Міхала з’яўляецца святыняй мазырскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Першым за доўгі час мазырскім пробашчам быў ксёндз Юзаф Дзеконьскі. На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ён быў таксама адзіным каталіцкім святаром ва шэсць раёнаў Гомельскай вобласці. Ксёндз Юзаф ездзіў цэлебраваць Імшу ў далёкія вёскі, а да таго ж займаўся рэканструкцыяй і будаўніцтвам двух касцёлаў: у Мазыры і Хойніках. Сёння мясцовыя святары працягваюць працу на духоўнай ніве, распачатую некалі ксяндзом Юзафам, які ў гэты святочны дзень далучыўся да ўрачыстасці.

 

Абноўлена 03.10.2023 20:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа