Пошук

10.08.2022 21:27   Тэкст: Ксёндз Павел Эйсмант / Фота: Кірыл Кравец, Дар’я Брышцель / Catholic.by

З 3 па 9 жніўня па тэрыторыі Гомельскай вобласці, якая ўваходзіць у склад Пінскай дыяцэзіі, праходзіла Трэцяя пешая пілігрымка Мазыр – Гомель з абразамі Маці Божай Гомельскай, Чэнстахоўскай і Юравіцкай.

Арганізаваў пілігрымку, якая звязала два гісторыка-этнаграфічных рэгіёны Беларусі — Усходняе Палессе і Падняпроўе, — айцец Леанард Адушкевіч, манах паўлін, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі. Святар ужо не першы год развівае культ абраза Маці Божай Гомельскай і вядзе будаўніцтва парафіяльнага касцёла ў абласным цэнтры.

Свой шлях пілігрымы распачалі 3 жніўня ранішняй святой Імшой у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мазыры. Цэлебрацыю ўзначаліў куратар першага курса духоўнай семінарыі ксёндз Павел Эйсмант, які трэці раз удзельнічае ў пілігрымцы. Гамілію прамовіў айцец Леанард Адушкевіч. У гаміліі арганізатар пілігрымкі падзяліўся з прысутнымі сваім досведам удзелу ў марыйных пілігрымках у Беларусі, Польшчы і ва Украіне.

Апроч святароў, у пілігрымцы прымалі ўдзел больш за 20 вернікаў з Мазыра, Гомеля, Капаткевічаў, Светлагорска і Мінска.

Пілігрымаў па дарозе наведвалі ксёндз Яцэк Баровец, пробашч парафій у Петрыкаве і Брынёве, і ксёндз Віталь Мысонаў, пробашч парафій у Лельчыцах і Ельску, якія дастаўлялі пілігрымам гарачыя абеды, прыгатаваныя іх парафіянамі.

Пілігрымка доўжылася сем дзён. За гэты час яе ўдзельнікі прайшлі каля 170-і кіламетраў. Шлях пілігрымкі пралягаў праз Юравiчы, Хойнiкi, шматлікія вёскі Рэчыцкага і Гомельскага раёнаў.

Кожны дзень распачынаўся з супольнай малітвы і спеву Гадзінак, а на працягу дня ўдзельнікі маліліся чатыры часткі Ружанца з разважаннямі і інтэнцыямі да кожнай таямніцы.

Апошнюю таямніцу кожнай часткі ўдзельнікі пілігрымкі ахвяравалі за супакой ва Украіне і ва ўсім свеце.

Адбывалася таксама штодзённае індывідуальнае разважанне над Божым словам. Падчас адпачынку пілігрымы маглі выслухаць канферэнцыі ксяндза Паўла Эйсманта на падставе тэксту катэхізіса для моладзі Youcat пра Найсвяцейшую Панну Марыю і пазнаёміцца са сведчаннем веры і любові да Маці Божай удзельнікаў «Легіёна Марыі» з Мінска: актуальнага ўдзельніка Уладзіміра Вайцяховіча і былога — Міколы Бадруся. Падчас апошняга начлегу пілігрымы мелі магчымасць праглядзець фільм-трылогію пра Сведку веры кардынала Казіміра Свёнтэка (рэжысёр Юрый Гарулёў).

Святая Імша, апроч Хойнікаў, дзе ёсць парафіяльны касцёл, абед і начлег адбываліся ў палявых умовах.

Галоўнай інтэнцыяй, якая спадарожнічала пілігрымам, была пабудова ў Гомелі касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і з’яўленне ў другім па велічыні горадзе Беларусі санктуарыя Маці Божай Гомельскай.

Пілігрымка прыбыла ў Гомель увечары 9 жніўня.

Падчас супольнай Эўхарыстыі, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, у капліцы пілігрымы падзякавалі Богу за тое, што змаглі дайсці да Маці Божай.

У гаміліі іерарх падзякаваў пілігрымам за сведчанне веры і малітву, падкрэсліўшы яе неабходнасць у жыцці: «Калі людзі моляцца, Бог напаўняе іх мудрасцю, любоўю і святасцю». У якасці прыклада біскуп прывёў заступніцу гэтага дня, святую Тэрэзу Бэнэдыкту ад Крыжа (Эдыту Штайн), юдэйку, якая, паступіўшы ва ўніверсітэт і абараніўшы доктарскую дысертацыю, перастала маліцца, што выклікала ў яе душы вялікі голад Бога. Сярод юдаізму, ісламу, хрысціянства ў выглядзе праваслаўя, баптызму і каталіцызму яна выбрала каталіцкую веру, бо палічыла, што менавіта ў ёй яна зможа раскрыць сваю душу перад Богам.

Асабліва ўдзельнікам пілігрымкі запамяталіся словы, пачутыя падчас дзялення сведчаннем веры ад аднаго з удзельнікаў: «Не патрэбна быць важным, важна быць патрэбным», якія спраўджваліся штодня, таму што кожны ўдзельнік пілігрымкі выконваў канкрэтныя, давераныя яму кіраўніком, функцыі.

Удзельнікі пілігрымкі да Маці Божай Гомельскай спадзяюцца, што гэтая паломніцкая традыцыя будзе працягвацца, што да яе праз год далучацца новыя пілігрымы, і што яна будзе сведчыць аб матчынай любові Марыі да ўсіх людзей.

Абноўлена 10.08.2022 22:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.