Пошук

04.10.2021 15:00   Тэкст: кс. Януш Чарнамораў / Фота: Гражына Кандрачук / Catholic.by

У суботу 2 кастрычніка вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Арханёла Міхала віталі ў сваёй святыні фігуру нябеснага апекуна з сусветна выдомага італьянскага санктуарыя, якая перэгрынуе па Беларусі.

На парафіяльную ўрачыстасць сабраліся мазырскія католікі і госці з іншых мясцін Гомельшчыны.

Важнай адметнасцю сёлетняга фэсту стала перэгрынацыя фігуры святога Арханёла Міхала, якая распачалася ў парафіі 30 верасня і завершыцца 6 кастрычніка.

Такім чынам, дзякуючы намаганням мясцовых вернікаў і святароў Мазыр стаў першым месцам на Гомельшчыне, куды прыбыла фігура нябеснага Апекуна Касцёла на Беларусі, якую даставіў у Мазыр яе кусташ ксёндз канонік Ігар Лашук.

З самай раніцы вернікі і госці ядналіся ў малітве перад фігурай Арханёла Міхала, а потым адбылася адпустовая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз Юрый Варанко з Гомеля. Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў ксёндз Віталій Стрыга, пробашч з Крупак (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), якога вернікі Гомельшчыны вельмі палюбілі пасля велікапосных рэкалекцый, праведзеных святаром у пяці парафіях гэтага рэгіёна.

Разважаючы над Божым словам, ксёндз Віталій падкрэсліў ролю Анёлаў у штодзённым жыцці хрысціяніна, падзяліўся сведчаннем аб тым, як Арханёл Міхаіл змагаецца за чалавека, і заахвоціў да штодзённай малітвы праз заступніцтва Князя нябесных войскаў.

У цэлебрацыі бралі ўдзел святары з Мазырскага і Гомельскага дэканатаў, куратар прапедэўтычнага курса Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ксёндз Павел Эйсмант, а таксама вернікі з Мазыра, Лельчыцаў, Калінкавічаў, Хойнікаў і Гомеля.

Пасля святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, удзельнікі якой неслі таксама фігуру Арханёла Міхала. Завяршылася цэлебрацыя ўрачыстым спевам гімна «Цябе, Бога, праслаўляем» і благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Пробашч мазырскай парафіі ксёндз Аляксандр Канановіч выказаў словы ўдзячнасці прысутным і заахвоціў да актыўнага ўдзелу ў набажэнствах і малітвах праз заступніцтва святога Арханёла Міхала падчас перэгрынацыі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа