Пошук

27.09.2018 12:28   Тэкст і фота: Эла Дзвінская / Catholic.by

26 верасня ў межах выставачнага праекта «Беларусь і Біблія» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў міжнародны навуковы круглы стол, прысвечаны біблійнай тэматыцы.

У прадстаўнічым навуковым форуме бралі ўдзел навукоўцы з «Групы доследу рукапісаў» (ЗША), вядомыя даследчыкі кніжнай культуры і літаратуры, спецыялісты ў галіне багаслоўя, спецыялісты з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкі і студэнты розных навучальных установаў краіны, прадстаўнікі грамадскіх і рэлігійных арганізацый. Сабраныя за круглым сталом, яны абмяркоўвалі пытанні ўплыву Бібліі на культуру і філасофскую думку Беларусі, распаўсюду Бібліі на тэрыторыі нашай краіны і прысутнасці Бібліі ў сучаснай культурнай прасторы краіны.

На фота: Алесь Суша і Ірына Дубянецкая

Мэты форуму акрэсліў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, кандыдат культуралогіі Алесь Суша.

«Мы ставім задачу абмеркаваць значэнне ролі Святога Пісання ў фармаванні беларускай культуры, ролі Бібліі ў жыцці нашых продкаў, ацаніць ролю, якую яна адыгрывае сёння, і прадугледзець кірункі працы на будучыню для навукоўцаў і для далейшай працы нашых партнёраў з музеяў, бібліятэк, установаў культуры», — зазначыў навуковец.

Суарганізатар выставачнага праекта «Беларусь і Біблія» даследчык старажытных біблейскіх спісаў доктар Скот Кэрал з Мічыгана, які ўзначальвае «Групу доследу рукапісаў», адзначыў:

«Мы ўражаныя рэакцыяй вялікай колькасці беларусаў на гэтую выставу. Мы радыя, што людзі з усёй Беларусі прыязджаюць сюды на экскурсіі. У цэнтры выставы — тыя каштоўнасці, якія прадставіла Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Нам таксама ўдалося прывезці ў Мінск экспанаты з вялікай калекцыі музея Бібліі ў Вашынгтоне. Калі я кіраваў гэтым музеем, там было сабрана 55 тысяч экспанатаў».

На фота: Брус Андэрсан

Знаўца рэлігійнай культуры Алена Філатава нагадала пра савецкія часы, у якія адзіным «промнем святла» былі лекцыі прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ліфшыца пра Кумранскія рукапісы. Прафесар Людміла Іванова распавяла пра поўныя зборы Бібліі на беларускіх землях. З кароткім аглядам уплыву Святога Пісання на інтэлектуальную прастору Еўропы выступіла доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая. Доктар Оксфардскага цэнтра місіянерскіх даследаванняў Брус Андэрсан коратка нагадаў пра гісторыю Берасцейскай Бібліі.

Удзельнікі круглага стала прыйшлі да высновы, што неабходна аб’яднаць намаганні бібліятэкі, навучальных установаў, грамадскіх і рэлігійных арганізацый з мэтаю пашырэння ўплыву Бібліі ў сучаснай культуры і медыйнай прасторы, каб узняць Кнігу кніг на той высокі ўзровень, на якім яна была ў часы Францішка Скарыны.

Усе ўдзельнікі аднадушна падзякавалі арганізатарам выставы «Беларусь і Біблія», якая стала яркай падзеяй грамадскага і культурнага жыцця, а таксама выдатнай пляцоўкай для правядзення лекцый па гісторыі стварэння і распаўсюду Святога Пісання і змястоўных інтэлектуальных дыскусій.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа