Пошук


22 верасня ў касцёле Арханёла Рафала з самага ранку прайшла святая Імша для беларускіх пілігрымаў, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Разам з ім Імшу канцэлебравалі біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і іншыя святары.

На сустрэчу з папам Францішкам прыбыло больш за паўтысячы беларусаў з усіх дыяцэзій Беларусі.

У пачатку гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч адзначыў, што гэта другі ў гісторыі балтыйскіх краін візіт Пантыфіка. Першы адбыўся ў 1993 г.

«Гэта вялікая ласка прымаць намесніка Езуса Хрыста на зямлі, – сказаў іерарх. – Беларусь, якая знаходзіцца побач, чакае і не можа дачакацца падобнага візіту.

Беларусь і Літву яднае многае – традыцыі, хрысціянская вера, Марыйная пабожнасць і г.д. Але яднае яшчэ і памяць аб доўгай гісторыі Вялікага княства Літоўскага, да якога належалі беларускі і літоўскі народы. Сёння, падчас сустрэчы з Папам, мы ізноў адчуем духоўную еднасць нашых народаў».

Паводле слоў Мітрапаліта, сустрэча моладзі са св. Янам Паўлам II, якая адбылася 25 гадоў таму на стадыёне ў Каўнасе, удыхнула ў душы выхаванай на прынцыпах марксізму-ленінізму моладзі новую надзею.

«Перад маладымі людзьмі адкрываліся новыя перспектывы, – сказаў Мітрапаліт. – Вялікі Папа Вайтыла добра разумеў, што свабода, будучы вялікім дарам Бога, з’яўляецца таксама вялікім выпрабаваннем, нават спакусай.

Менавіта таму на стадыёне ў Каўнасе ён заклікаў да адказнасці ў карыстанні свабодай. Прароцтвам прагучалі тады яго словы, што свабода без адказнасці вядзе да анархіі».

Пасля візіту св. Яна Паўла II вырасла новае пакаленне маладых людзей, якое сёння «перажывае новую індактрынацыю».

Арцыбіскуп звярнуў увагу, што сёння замест ідэалагічнага атэізму назіраецца атэізм матэрыялістычны, «калі Богам становяцца матэрыяльныя каштоўнасці і задавальненні».

«Мы далёка не заўсёды і згодна з Божай воляй выкарыстоўваем дар свабоды, за якую нашы продкі цярпелі і нават аддавалі сваё жыццё», – падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Іерарх дадаў, што сёння ажыццяўляецца перасцярога св. Яна Паўла II аб тым, што нават самая дасканалая дэмакратыя без захавання Божага закону становіцца таталітарызмам.

«Такі таталітарызм мы перажываем сёння. Сучасны свет лічыць сваім дэмакратычным правам выступаць супраць Бога і Яго закону, нават забараняць ужыванне рэлігійных сімвалаў у публічным жыцці.

Таму, дарагія браты і сёстры, адкрыемся на словы, з якімі да нас звернецца папа Францішак. Няхай яго словы ўпадуць на добрую глебу, каб мы прабудзіліся да новага жыцця з мэтай мець новую надзею ў Хрысце, прыносячы багаты духоўны плён нашага жыцця».

Абноўлена 24.09.2018 07:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.