13 верасня ў Познані распачалося пленарнае пасяджэнне старшынь Біскупскіх Канферэнцый Еўропы. Беларускі епіскапат на ім прадстаўляе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У Познані сёлета адзначаюць 1050-годдзе з моманту заснавання ў гэтым горадзе найстарэйшай каталіцкай дыяцэзіі Польшчы.
У 2017 годзе форум праходзіў у беларускай сталіцы.
На адкрыцці форума, які сёлета прысвечаны салідарнасці ў Еўропе, выступіў прэм’ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі. З асобным словам да прысутных звярнуліся таксама старшыня польскага епіскапату арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі і старшыня Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы кардынал Анджэло Баньяска.
Асобна быў зачытаны ліст прывітання ад папы Францішка.
14 верасня ўдзельнікі каталіцкага форума засяродзяцца на тэме валанцёрства ў Касцёле Еўропы. 15 верасня біскупы будуць разважаць пра салідарнасць паміж Касцёлам і народамі Еўропы. У гэты дзень да ўдзельнікаў пасяджэння звернецца Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Завершыцца пасяджэнне святой Імшой у познаньскай катэдры ў інтэнцыі Еўропы.