Кардыналу Анджэло Баньяска 74 гады. На працягу 10 гадоў ён узначальваў італьянскі епіскапат — найбуйнейшую Канферэнцыю Біскупаў у свеце.
У 2016 годзе яго абралі старшынёй Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ). Мінск як пляцоўка пленарнага пасяджэнне РКБЕ стаў першым горадам Усходняй Еўропы, які кардынал наведаў у гэтым статусе.
Пасля завяршэння асамблеі італьнскі іерарх даў інтэрв’ю Catholic.by.
— Эмінэнцыя прабыў у Беларусі чатыры дні. Якім Вы ўбачылі Касцёл у Беларусі?
— Больш за ўсё мяне ўразіла жывая вера людзей, якіх я бачыў на Імшах. Паўсюль, дзе мы былі, было шмат людзей, якія маліліся з усёю сваёю пабожнасцю, і гэта адчувалася. Як моладзь, так і пажылыя людзі.
Трэба памятаць, што пажылым людзям, захоўваючы веру, шмат чаго прыйшлося выцярпець. Яны — багацце хрысціянскай культуры. Гэта дзякуючы ім сённяшні Касцёл у Беларусі можа дыхаць свабодна.
— Падчас прэс-канферэнцыі Вы адзначылі, што вырашэнне праблем нацыянальных Касцёлаў не ўваходзіць у задачы РКБЕ. У сувязі з гэтым хацеў бы пацікавіцца: тым не менш — якія праблемы іерарх пабачыў у Беларусі?
— Мы не бачылі, мы толькі чулі. Нам расказвалі, што ёсць пэўныя цяжкасці ў святароў з-за мяжы, якія хочуць несці служэнне ў Беларусі.
Як біскупы мы маем досвед у гэтых справах. У сувязі з гэтым я асабіста бачу юрыдычную магчымасць арганізаваць добрае супрацоўніцтва паміж дзяржавай і мясцовым Касцёлам у справе дазволу на працу святарам з іншых краін.
— Урад Беларусі не раз выказваўся аб тым, што Беларусь стала б ідэальнай пляцоўкай для сустрэчы Папы Рымскага і Патрыярха Праваслаўнай Царквы, як гэта адбылося ў Гаване. Ці бачыць кардынал Беларусь месцам такой сустрэчы?
— Выказвацца на гэту тэму — не ў маёй кампетэнцыі. Таму не магу нічога сказаць пра магчымасць такой сустрэчы.
— Ці задаволены Вы пасяджэннем РКБЕ у Мінску?
— Вельмі задаволены. Тым, што мы рабілі, як гэта перажывалі, пра што размаўлялі. Задаволены тым, што адбывалася на саміх пасяджэннях, што мы ўбачылі падчас сустрэч з хрысціянскай супольнасцю. Таксама задаволены той працай, якую мы зрабілі ўнутры гэтых сустрэч. Нам спрыяла адкрытая і братэрская атмасфера, таму дыялог атрымаўся канструктыўны.
На пасяджэнні мы закранулі дзве тэмы: тэму Еўропы і яе хрысціянскіх каранёў і тэму моладзі ў Еўропе, якім чынам Касцёл павінен выходзіць да маладых, каб зрабіць душпастырства моладзі больш адкрытым і зразумелым.
Таксама прыгадваю прамову вашага прэзідэнта, які ў сваім выступленні рабіў вялікі акцэнт на тым, што сям’я мае патрэбу ў абароне, фармацыі і апоры на традыцыйныя каштоўнасці.
— У свой час кардынал быў душпастырам моладзі. На Вашу думку, наколькі змянілася сама моладзь за гэтыя часы ці змяніліся проста падыходы, якія варта выкарыстоўваць у душпастырстве?
— 30 гадоў я працаваў у парафіі, дзе маім заданнем была праца з моладдзю. І калі паглядзець на моладзь 70-80-90-хх і сённяшнюю моладзь, то бачна, што моладзь жыве ў такім клімаце рэлятывізму, дзе няма праўды, а ёсць меркаванні.
У гэтым клімаце сучасная моладзь адчувае сябе згубленай. Сёння моладзь мае складанасць у распазнанні дабра і зла. Яны згубленыя ва ўласнай ідэнтычнасці.
Сацыёлагі кажуць, што галоўнай праблемай моладзі з’яўляецца згубленасць. Мы як біскупы бачым, што сучасная моладзь патрабуе «пункты прыналежнасці». Такімі пунктамі можа быць сям’я, дзяржаўныя інстытуцыі і Касцёл. Сучасная моладзь мае культурнае багацце і паўнату. Яны могуць многае зрабіць, але не ведаюць, у якім напрамку рухацца.
Мы, святары, пастыры пакліканы быць побач з моладдзю рознымі спосабамі. Галоўным чынам прабываючы з імі, нават калі гэта складана. Я займаўся гэтым на працягу 30 гадоў і ведаю, што значыць быць заўсёды дасяжным для іх. Трэба быць сярод іх.
Другая рэч — трэба ўмець слухаць, і рабіць гэта, перш чым даваць адказы. Трэцяе – правакаваць, выклікаць глыбокія пытанні, якія прысутнічаюць у сэрцах маладых людзей і якія выходзяць вонкі. Менавіта па прычыне вялікай агульнай культурнай разгубленасці нашай Еўропы, Захаду пачынаюць паўставаць радыкальныя пытанні: які сэнс мае наша, маё жыццё? Што я павінен рабіць? Хто я такі? Які сэнс мае гісторыя? Ці ёсць нешта пасля смерці, ці няма больш нічога?
Тое, што я бачу, гэта прабуджэнне маладых. Яны адкрытыя і маюць патэнцыял. І гэта вялікая ласка, што ім патрэбная наша дапамога. Таму мы павінны адпаведным чынам задаволіць іх патрэбы.
— Што чакае кардынал ад Сіноду Біскупаў у 2018 годзе?
— Я чакаю абмену вопытам і знаёмства з іншай рэальнасцю — не толькі еўрапейскай, але і амерыканскай, афрыканскай. А таксама прапаноў у справе душпастырства маладых.
— Дзе пройдзе наступнае пасяджэнне РКБЕ?
— Наступная асамблея пройдзе праз год у Познані (Польшча). Тэма яшчэ не зацверджана. Будзем чакаць прапаноў ад біскупаў.