Пошук

10.09.2018 10:44   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

8 верасня ў Волме (Стаўбцоўскі дэканат) з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага ўрачыста адзначылі 15-годдзе пабудовы тут новага касцёла св. Яна Хрысціцеля. Падчас урачыстасці некалькі парфіянаў прынялі сакрамэнт канфірмацыі.

Мясцовыя вернікі ўзгадвалі, з якім энтузіязмам і хваляваннем удзельнічалі яны ў пабудове гэтай святыні, якая 15 гадоў таму ўзняла свае крыжы над старажытным мястэчкам, дзе папярэдні касцёл быў спачатку ператвораны ў праваслаўную царкву, а ў савецкі час па-варварску знішчаны.

        

Пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Волме кс. Валянцін Станкевіч, які цяпер клапоціцца пра падтрыманне ў належным стане святыні рукатворнай і нерукатворнай — касцёла і парафіяльнай супольнасці, — шчыра прывітаў на пачатку ўрачыстасці яе ўдзельнікаў: Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, пробашча суседняй, ракаўскай парафіі ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылу, а таксама кс. Аляксандра Уласа, дырэктара «Радыё Марыя», што вяло прамую трансляцыю св. Імшы з Волмы, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Юрый.

У прывітальным слове да пробашча і вернікаў іерарх адзначыў, што за 15 гадоў свайго існавання новы касцёл у Волме ўжо стаў «намоленым» месцам. Пры гэтым біскуп падкрэсліў, што прыкладам малітвы для хрысціянаў з’яўляецца Найсвяцейшая Панна Марыя, свята Нараджэння якой святкавалі Яе духоўныя дзеці ў гэты дзень. Такая малітва адрозніваецца шчырасцю, прастатой і даверам, дзякуючы чаму Марыя пакорна прыняла Божую волю і дасканала выканала яе ў сваім жыцці.

Менавіта да гэтага, па словах біскупа Юрыя, пакліканы кожны вернік, каб быць сведкам Хрыста ў сучасным свеце, поўным спакусаў і бязвер’я. Звяртаючыся да тых, хто ў гэты дзень прымаў сакрамэнт хрысціянскай сталасці (а гэта былі людзі даволі сталага ўзросту), іерарх пажадаў ім быць мужнымі ў веры і праяўляць сапраўдную хрысціянскую вытрымку ва ўсіх жыццёвых сітуацыях, прыклад чаго мы атрымалі ў асобе Найсвяцейшай Панны, Маці Касцёла.

На заканчэнне св. Імшы біскуп Юрый павіншаваў кс. Валянціна Станкевіча з днём нараджэння, які святар адзначыць 10 верасня, а таксама пажадаў вернікам валмянскай парафіі, каб іх святыня больш ніколі не зачынялася.

І калі цяпер няма такой пагрозы з боку дзяржаўных уладаў, як гэта было ў часы царызму і савецкага атэізму, аднак праблема сёння ў тым, што вернікаў у вясковых і местачковых парафіях, у тым ліку і ў Волме, на вялікі жаль, з кожным годам становіцца ўсё менш…

Нягледзячы на тое, што сучасная святыня з’явілася ў Волме зусім нядаўна, аднак парафія ў гэтым мястэчку адна з самых старажытных у нашай краіне: касцёл тут існаваў ужо ў 1472 г. Драўляная барочная святыня — папярэдніца сучаснай — была пабудавана ў 1667 г., у 1751 г. перабудавана.

Перад Паўстаннем 1863 г. парафія ў Волме, якая ахоплівала мястэчка і навакольныя вёскі, налічвала каля 12 тыс. вернікаў. Пасля задушэння Паўстання касцёл быў ператвораны ў праваслаўную царкву, якая дзейнічала да 1910 г., хоць валмянскія вернікі ігнаравалі загады царскіх сатрапаў і заставаліся вернымі каталіцтву.

 

Падчас Другой сусветнай вайны нацысцкія карнікі сагналі мясцовых жыхароў у касцёл, дзе мелі намер іх спаліць. Аднак Божы Провід і заступніцтва Багародзіцы, у гонар якой быў асвячаны касцёл у Волме, абаранілі іх ад смерці і не далі знішчыць чалавечыя жыцці разам са шматпакутнай святыняй.

Пасля вайны святыня, якую не знішчылі гітлераўцы, была разрабавана камуністамі, вежы знесены, а будынак ператвораны спачатку ў школьную спартовую залу, а потым — у зернясховішча. У 1962 г. касцёл у Волме разабралі да падмуркаў, што захаваліся да нашага часу як маўклівыя сведкі бязбожных злачынстваў царызму і бальшавізму.

Новая каталіцкая святыня св. Яна Хрысціцеля была пабудавана ў мястэчку толькі ў 2003 г. Праз год касцёл быў кансэкраваны кардыналам Казімірам Свёнткам.

...Непадалёк ад Волмы знаходзіцца Святая гара (перайменаваная атэістычнымі савецкімі ўладамі імем бальшавіцкага ката Дзяржынскага) — найвышэйшы пункт у Беларусі. Гэтая вяршыня нагадвае пра духоўныя вяршыні святасці, дасягнуць якіх, пераадольваючы ўсе перашкоды і пераслед, пакліканы ў Касцёле кожны хрысціянін.

Абноўлена 06.12.2018 11:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.