Пошук

06.08.2018 08:25   Catholic.by
Фота А. Шчыглінскай

8 верасня ў Волме (Стаўбцоўскі дэканат) з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага ўрачыста адзначаць 15-годдзе пабудовы новага касцёла св. Яна Хрысціцеля.

Хоць новая святыня з’явілася ў мястэчку зусім нядаўна, аднак парафія ў Волме — адна з самых старажытных у нашай краіне: касцёл тут існаваў ужо ў 1472 г. Драўляная барочная святыня — папярэдніца сучаснай — была пабудавана ў 1667 г., у 1751 г. перабудавана.

Перад Паўстаннем 1863 г. парафія ў Волме, якая ахоплівала мястэчка і навакольныя вёскі, налічвала каля 12 тыс. вернікаў.

Пасля задушэння Паўстання касцёл быў ператвораны ў праваслаўную царкву, якая дзейнічала да 1910 г., хоць валмянскія вернікі ігнаравалі загады царскіх сатрапаў і заставаліся вернымі каталіцтву.

© radzima.org

Падчас Другой сусветнай вайны нацысцкія карнікі сагналі мясцовых жыхароў у касцёл, дзе мелі намер іх спаліць. Аднак Божы Провід і заступніцтва Багародзіцы, у гонар якой быў асвячаны касцёл у Волме, абаранілі іх ад смерці і не далі знішчыць чалавечыя жыцці разам са шматпакутнай святыняй.

Пасля вайны касцёл быў разрабаваны, вежы знесены, а будынак ператвораны спачатку ў школьную спартовую залу, а потым — у зернясховішча.

© radzima.org / Андрэй Кузьмін

У 1962 г. святыню разабралі да падмуркаў, што захаваліся да нашага часу як маўклівыя сведкі бязбожных злачынстваў царызму і бальшавізму.

Новы касцёл св. Яна Хрысціцеля быў пабудаваны ў Волме ў 2003 г., а праз год кансэкраваны.

Непадалёк ад Волмы знаходзіцца Святая гара (перайменаваная атэістычнымі савецкімі ўладамі імем бальшавіцкага ката Дзяржынскага) — найвышэйшы пункт у Беларусі.

Пробашч парафіі ў Волме кс. Валянцін Станкевіч шчыра запрашае ўзяць удзел ва ўрачыстай св. Імшы, цэлебрацыю якой у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі 8 верасня а 12-й гадзіне ўзначаліць тут Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Абноўлена 08.09.2018 08:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.