Пошук

03.09.2018 09:16   Фота: ctv.by / Catholic.by

2 верасня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, разам з рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэем Рылкам узяў удзел у святкаванні 25-га юбілейнага Дня беларускага пісьменства ў Янаве Палескім (Іванаве).

Перад прыездам у Янаў арцыбіскуп Кандрусевіч раніцай узначаліу св. Імшу ў пінскай катэдры. У прамоўленай гаміліі іерарх, глыбей раскрываючы сэнс Божага слова, якое Касцёл прапануе на 22-ю звычайную нядзелю, засяродзіўся на праблеме веры, якая нараджаецца з Божага аб’яўлення:

«Бог нам даў свой закон як канстытуцыю жыцця, і для нашага шчасця мы павінны жыць паводле яе.

Таму вера, як вучыць св. апостал Якуб, павінна рэалізавацца ў штодзённым жыцці. Практыкуючы нашу веру, мы не можем быть падобнымі да фарысеяў, якіх Езус дакарае ў сённяшнім Евангеллі. У нашым жыцці мы павінны паступаць згодна з прынцыпамі нашай веры».

У кароткай прамове падчас святкавання Дня пісьменства кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату падзякаваў за запрашэнне, што з’яўляецца знакам павагі да Каталіцкага Касцёла, які зрабіў і працягвае рабіць вялікі ўнёсак у развіццё культуры беларускага народа і адраджэнне яго духоўнасці.

Іерарх напачатку нагадаў, што юбілейнае 25-е святкаванне Дня пісьменства супала з 400-гадовым юбілеем выдання першага беларускага «Буквара», што ідзе непасрэдна пасля святкавання 500-годдзя выдання Бібліі першадрукара Францішка Скарыны, якое адзначалася ў мінулым годзе.

«Доктар медыцыны Францішак Скарына клапаціуся не толькі пра здароўе цела чалавека, але і пра здароўе душы, а таму выдаў Біблію на роднай мове. Выданне „Буквара“ — гэта працяг слаўнай гісторыі беларускага пісьменства.

Варта асабліва адзначыць, што першы „Буквар“ не толькі вучыў чытаць, але таксама вучыў праўдам веры і асноўным малітвам. Таму выданне „Буквара“ паспрыяла евангелізацыі нашага народа чатыры стагоддзі таму», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Іерарх звярнуў увагу і на той факт, што сёлета Дзень беларускага пісьменства адзначаецца ў Год малой радзімы.

© Газета «Полесская правда»

«Кожны з нас мае сваю малую радзіму, і гэта найперш месца нашага нараджэння. Аднак усе мы маем агульную радзіму — гэта наша Беларусь. Невялікая краіна. І хоць малы залатнік, але дарагі, як кажа руская прымаўка. Усім нам дарагая наша Радзіма, і мы павінны клапаціцца пра яе. Гэты клопат павінен адносіцца як да эканамічнага, палітычнага і сацыяльнага жыцця, так і да духоўнага.

Беларусы належаць да славянскіх народаў. Корань слова «славянін» паходзіць ад «слова». У пралогу Евангелля паводле Яна гаворыцца, што „на пачатку было слова, і слова было ў Бога, і Богам было слова“ (пар. Ян 1, 1).

Няхай жа слова, якое прадстаўляе беларускае пісьменства, будзе напоўнена духоўным зместам, каб спрыяць духоўнаму адраджэнню нашай Радзімы і будаванню цывілізацыі жыцця, міру і любові», — заклікаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Абноўлена 03.09.2018 13:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.