Пошук

27.08.2018 12:54   Тэкст і фота: Ганна Дземянцьянава / Catholic.by

24–25 жніўня міністранты і ўдзельніцы літургічнай службы алтара парафіі св. Антонія, што ў Мар’інай Горцы (Барысаўскі дэканат), разам са сваім пробашчам кс. Генрыхам Кучынскім наведалі месца пахавання кардынала Казіміра Свёнтка.

Гэтую кароткую пілігрымку маладыя парафіяне з Пухавіцкага раёна ахвяравалі Богу ў інтэнцыі заканчэння будоўлі касцёла ў Рудзенску, а таксама аб паспяховым новым навучальным годзе, які распачнецца для іх ужо праз некалькі дзён.

У велічнай цішыні крыпты пінскай катэдры пілігрымы з Мар’інай Горкі дзякавалі Богу за асобу славутага пастыра, які так шмат зрабіў для Касцёла на Беларусі, а таксама прасілі, каб такіх сведкаў веры, як Казімір Свёнтэк, Бог пасылаў нам як мага больш.

Пілігрымы мелі таксама магчымасць памаліцца ў пінскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, пазнаёміцца з семінарыяй, пагуляць у футбол на семінарыйным стадыёне і нават паплаваць на карабліку па рацэ Піна.

Па дарозе дадому група завітала ў Янаў Палескі (Іванава), на месца мучаніцкай смерці св. Андрэя Баболі. У гэтай парафіі працуе цяпер кс. Павел Кручэк, які 12 гадоў таму нёс пастырскае служэнне ў Мар’інай Горцы. Ксёндз Павел цікава расказаў пра гісторыю жыцця палескага мучаніка.

Суботнім вечарам задаволеныя маладыя пілігрымы вярнуліся ў сваю родную парафію, каб у нядзелю з адноўленым энтузіязмам служыць пры алтары ў якасці міністрантаў, а таксама чытаць чытанні і спяваць псальмы на хвалу Пану.

   

 

Абноўлена 27.08.2018 20:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа