Пошук

23.08.2018 12:42   Тэкст і фота: Аляксандра Шчыглінская / Catholic.by

У няделю 19 жніўня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Мядзельскі дэканат) адбылося адкрыццё выставы «Кожны талент ад Бога», на якой прадстаўлена творчасць мясцовых парафіянаў.

Адметнасць гэтай выставы ў тым, што аўтары прадстаўленых на ёй твораў — не прафесіяналы, а звычайныя вяскоўцы. Але кожны з іх акрамя асноўнай працы і звычайных хатніх клопатаў мае яшчэ нейкае хобі, у якое ўкладае ўсё сваё сэрца.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в.Канстанцінава

Аб тым, як варта заўважыць і ацаніць талент кожнага простага чалавека і што з гэтага атрымалася, распавёў карэспандэнту Catholic.by пробашч парафіі кс. Алег Мурзіч.

«Калі я хадзіў па дамах парафіянаў, то заўважыў, што гэта вельмі таленавітыя людзі, — дзеліцца святар. — Хтосьці малюе для сябе, хтосьці тчэ прыгожыя беларускія палавікі, хтосьці вышывае: ніткамі ці нават бісерам. І вось мы падумалі, а чаму б не зрабіць выставу? Такая задума з’явілася ў адной з нашых парафіянак Ліліі Феакціставай, і як паказў час, яна аказалася плённай».

Пробашч парафіі кс. Алег Мурзіч

Усяго на выставе прадстаўлены працы 16 аўтараў. Усе яны звычайныя, простыя людзі, але ўмеюць заўважыць хараство і імкнуцца яго перадаць праз свае творы. Сярод экспанатаў ёсць і іконы, і маляўнічыя пейзажы, і фігуркі з дрэва, і іншыя ручныя вырабы. На кожным з іх напісана імя аўтара.

«Вось, напрыклад, гэтыя фігуркі птушак зрабіў наш канстанцінаўскі ляснічы Леанід Вялікі, — распавядае далей пробашч. Можа, іх і нельга назваць разьбой па дрэве, бо яны зробленыя з простых дэталяў, але каштоўнасць іх у тым, што чалавек знайшоў нешта прыгожае ў прыродзе і прыклаў да гэтага сваю працу. Чамусьці менавіта ён адзін заўважыў прыгажосць і прыдумаў нешта, хоць ляснічых у нас 21».

Выставу зрабілі ў адным з памяшканныў парафіяльнага дома

Яшчэ адна парафіянка, чые творы прадстаўлены на выставе, вышывае крыжыкам іконы. Яе зваць Рамуальда Траццяк, і гісторыя яе таксама цікавая, але няпростая: жанчына пачала вышываць, калі захварэла на рак. Кс. Алег Мурзіч атрымаў у падарунак ад яе ікону Маці Божай, якую вельмі цэніць і з пашанаю захоўвае ў сваім доме.

«Вышыўка тут нібы нескладаная, — кажа святар, — але я вельмі цаню яе, бо сюды ўкладзена праца і сэрца чалавека».

Наступная ўдзельніца выставы Генавэфа Лявіцкая, якая малюе алейнымі фарбамі, апавядае пра сябе:

«Я пачала маляваць 13 гадоў таму. Тады ў мяне памёр сын, якому было 26 гадоў, і мая дачка з зяцем падаравалі мне фарбы як паратунак ад змрочных думак, бо ведалі, што я люблю маляваць. Спачатку ў мяне нічога не атрымлівалася, а потым адзін знаёмы хлопец, які вычыўся ў мінскім мастацкім вучылішчы, даў мне параду: „Цёця Геня, вы проста малюйце, малюйце, малюйце: „наб’яце“ руку, і абавязкова пачне атрымлівацца!“ Так і сталася.

Сёння шмат маіх карцін ёсць у маёй дачкі; сыну і ўнуку таксама дарыла. Памятаю, унук быў яшчэ маленькі, можа гадкі 3, калі я намалявала для яго вожыка, і ён вельмі ўсцешыўся! — пажылая жанчына шырока і светла ўсміхнулася і задумалася на хвіліну… — А ўвогуле, — працягвала яна, — я вельмі люблю маляваць прыроду, асабліва зіму; люблю таксама кветкі. Адно не атрымліваецца дагэтуль: твар чалавека.

На жаль, цяпер я ўжо не магу маляваць, — з сумам у голасе адзначыла жанчына, — не дазваляе зрок. Але, можа яшчэ нешта паспрабую», — дадала яна ўжо з энтузіязмам.

«Усіх удзельнікаў было б складана ўзгадаць асобна, — кажа кс. Алег, — бо кожны чалавек і кожная рэч мае сваю гісторыю. Але ўсе яны аб’яднаныя адной думкай, якую мы зрабілі дэвізам нашай выставы: „Кожны талент ад Бога“. Дар — гэта тое, што чалавек у сабе развівае і дае іншым. Дарам можа быць нават простае слова ці сціплы жэст. Кожны чалавек хоча прынесці ў гэты свет дабрыню і прыгажосць».

              

Гэтая выстава стала сведчаннем таго, што кожны чалавек сапраўды мае талент ад Бога.

І калі нават з нейкіх прычынаў ён гэты талент не раскрыў у свой час, то ніколі не позна пачынаць. Таксама варта заўважаць гэтыя таленты ў бліжніх, у простых, звычайных людзях, якія вакол нас.

Сапраўды, кожны чалавек мае свой бясконца каштоўны ўнутраны свет і можа ўзбагаціць іншых праз сваю працу, творчасць і любоў.

Абноўлена 23.08.2018 23:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа