Пошук

16.08.2024 16:19   Catholic.by

15 жніўня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Канстанцінавае (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць.

Увечары цэлебрацыю святой Імшы ў парафіяльнай святыні ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Напачатку іерарх прывітаў усіх сабраных у касцёле вернікаў: мясцовых жыхароў і гасцей, асабліва тых, хто тут вырас і цяпер жыве далёка, але на фэст завітаў у родную парафію.

Арцыпастыр ужо не ўпершыню прыбыў на ўрачыстасць Унебаўзяцця ў Канстанцінава. Летась ён заспяваў тут песню пра маму, якая ўзрушыла прысутных і заахвоціла іх навучыцца самім яе спяваць.

Арцыбіскуп Станеўскі разам са сваім асабістым сакратаром ксяндзом канонікам Юрыем Ясевічам па просьбе канстанцінаўскага пробашча ксяндза каноніка Алега Мурзіча маліліся за парафію, а ксёндз Анатоль Захарэўскі, бліжэйшы сусед, пробашч парафіі святога Арханёла Міхала з Міхалішак (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат) служыў у канфесіянале і благаславіў кветкі, зёлкі і плады, што прынеслі вернікі ў гонар Маці Божай Зельнай.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп нагадаў змест дакумента Папы Пія XII ад 1950 года, якім Пантыфік аб’явіў догмат аб Унебаўзяцці Маці Божай.

Традыцыйна пасля святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія, падчас якой вернікі ўшанавалі Бога жывога ў Гостыі за дар прысутнасці і дапамогі. Госці фэста мелі таксама магчымасць любавацца прыгажосцю навакольнага краявіду. Пробашч і парафіяне клапоцяцца пра тое, каб прыкасцёлная тэрыторыя выглядала дастойна, і сапраўды тут усё ўладкавана не горш, чым у ландшафтных парках.

На заканчэнне на памяць зрабілі фота арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з моладдзю і дзецьмі, якія прысутнічалі на фэсце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця