Пошук

16.08.2021 10:56   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

15 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узяў удзел у святкаванні адпустовай урачыстасці ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Канстанцінаве (Мядзельскі дэканат).

Візіт арцыпастыра быў прымеркаваны да 30-годдзя аднаўлення ў парафіі нармальнага душпастырства пасля перыяду ганенняў, калі ў Канстанцінаве не было святара. Такая сітуацыя працягвалася доўгія пяцьдзесят гадоў, пакуль у 1990 годзе тут не з’явіліся айцы кармэліты босыя.

Яны адрадзілі парафіяльнае жыццё, аднавілі святыню і пабудавалі новы вялікі парафіяльны дом, у якім у гэтым прыгожым азёрным краі ўлетку збіралася моладзь з розных мясцін на супольны адпачынак з Богам.

З 2014 года пробашчам парафіі з’яўляецца ксёндз Алег Мурзіч, які працягвае справу папярэднікаў.

Вітаючы арцыпастыра, ён адзначыў, што магчымасць супольнай малітвы —вялікая радасць і сапраўднае свята для гэтай парафіяльнай сям’і.

На фэст сабраліся вернікі з усяго наваколля, дзе абсалютную большасць жыхароў складаюць католікі. Перад тым, як пайсці ў касцёл, многія з іх заходзілі на парафіяльныя могілкі, каб запаліць знічы на магілах сваіх продкаў і блізкіх і памаліцца аб вечным жыцці для іх. У Канстанцінава на ўрачыстасць тытулу касцёла прыбылі святары з суседніх парафій: дэкан Мядзельскі ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі са Свіра, айцы кармэліты босыя з Нарачы, а таксама прадстаўнік Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Аляксандр Баран з Лынтупаў.

Арцыбіскуп Кандрусевіч, які напярэдадні здзейсніў пасвяэнне касцёла ў Барысаве — даволі вялікім горадзе, — адзначыў, што яму вельмі прыемна ўдзельнічаць у простым вясковым фэсце з яго неадменным кірмашом і непаўторнай атмасферай блізкасці ўсіх прысутных, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць. Тут сапраўды адчуваецца дух сям’і, сабранай у імя Марыі — добрай і пяшчотнай Матулі ўсіх дзяцей Касцёла.

Напачатку арцыбіскуп шчыра падзякаваў тутэйшым вернікам за малітву і духоўную падтрымку ў складаны для яго перыяд, калі ён на працягу чатырох месяцаў не мог вярнуцца на Бацькаўшчыну.

У прамоўленай на святой Імшы гаміліі арцыпастыр звярнуў увагу на тое, што Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі — гэта праўда нашай веры, якая не толькі ўзвялічвае Марыю як Багародзіцу, але таксама паказвае мэту нашага жыцця — Нябеснае Валадарства.

«Веравучэнне Каталіцкага Касцёла аб Унебаўзяцці Марыі сцвярджае, што пасля завяршэння Яе зямнога жыцця Яна з целам і душой была ўзнята на неба. Гэта значыць, што цяпер целы двух людзей — Езуса і Марыі, Сына і Маці, — знаходзяцца на нябёсах. Сённяшняе свята падкрэслівае святасць чалавечага цела і прызначэнне да вечнай славы. Унебаўзяцце Марыі таксама пацвярджае праўду пра тое, што ўвесь чалавек з целам і душой збаўлены і прызначаны для вечнага шчасця», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч, дадаўшы, што ўшанаванне Багародзіцы дапамагае нам лепш зразумець таямніцу Езуса.

«Езус пакінуў нам Марыю як нашу духоўную Маці. Мы — Яе дзеці, і таму нам таксама трэба старацца быць падобнымі да Яе і следаваць за Ёю», — сцвердзіў заслужаны іерарх.

На заканчэнне ўрачыстасці адбылася працэсія вакол касцёла з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, пасля чаго арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў абрад благаслаўлення кветак, зёлак і пладоў, што традыцыйна адбываецца ва ўрачыстасць Унебаўзяцця, якая ў народзе называецца таксама святам «Маці Божай Зельнай». Гэты абрад з’яўляецца выразам удзячнасці Богу за ўсе Яго дары і нагадвае хрысціянам пра неабходнасць увесь час прыносіць у жыцці плады добрых учынкаў.

Фотарэпартаж з урачыстасці Леаніда Юрыка / Catholicnews.by ТУТ>>>

Абноўлена 17.08.2021 17:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.